Гэта можа прывесці да парушэння права на жыццё — ААН турбуюць папраўкі ў КК РБ

У судзе / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Некалькі спецдакладчыкаў ААН звярнуліся да ўрада Беларусі з заклікам прыпыніць дзеянне паправак у Крымінальны кодэкс Беларусі, якія пашыраюць прымяненне смяротнага пакарання. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Папраўкі былі прынятыя ўвесну, у траўні іх падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер законы дапускаюць у шэрагу выпадкаў прымяненне смяротнага пакарання ў тым ліку "за падрыхтоўку і замах на злачынства". У прыватнасці, гэтая мера можа прымяняцца ў дачыненні да абвінавачаных па артыкуле "Акт тэрарызму" (арт. 289 КК РБ).

Спецдакладчыкі нагадалі беларускаму ўраду пра абавязальніцтвы Беларусі па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі супраць катаванняў.  Пакт, у прыватнасці, прадугледжвае, што смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця. А беларуская фармулёўка артыкула "Акт тэрарызму" патэнцыйна дазваляе ацаніць як злачынства выказванне нязгоды і абарону правоў чалавека. Спецдакладчыкаў турбуе, што праз гэтую расплывістую фармулёўку беларускія суды атрымаюць магчымасць выносіць смяротныя прысуды заднім чыслом у парушэнне прынцыпу nulla poena sine lege (няма пакарання без закона). У гэтым выпадку патэнцыйнымі "смяротнікамі" могуць зрабіцца асобы, унесеныя ў "тэрарыстычны спіс": журналісты, праваабаронцы, палітычныя апаненты і іншыя.

На думку спецдакладчыкаў, папраўкі могуць прывесці да "незваротнай шкоды і абуральных парушэнняў права на жыццё". У сувязі з гэтым яны заклікалі Беларусь прыпыніць дзеянне паправак, абмеркаваць іх з грамадзянскай супольнасцю і экспертамі, а таксама вылучыць дадатковы час для заканадаўчага і грамадскага разгляду. Са свайго боку спецдакладчыкі прапанавалі тэхнічную дапамогу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.