Генпракуратура знайшла 84 раней не вядомыя месцы знішчэння беларусаў

Будынак Генпракуратуры Беларусі / prokuratura.gov.by
Будынак Генпракуратуры Беларусі / prokuratura.gov.by

У межах крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, якую Генпракуратура распачала ў красавіку 2021 года, дапытаныя чатыры тысячы сведак, з якіх каля трох тысяч — вязні канцлагераў. Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед.

Паводле яго слоў, у цяперашні час Генпракуратура вывучыла тысячы архіўных матэрыялаў, выявіла 84 раней не вядомыя месцы знішчанага падчас Другой сусветнай вайны грамадзянскага насельніцтва Беларусі і агледзела больш за 60 такіх месцаў. Паводле сцверджэнняў пракурора, ведамства мае "дакладныя звесткі пра чатырыста памагатых, і яны павінныя панесці заслужанае пакаранне".

Крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны была распачатая 9 красавіка 2020 года "ў мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі "белых" плямаў гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі". Таксама беларускія ўлады заявілі, што будуць ставіць пытанне аб выдачы ваенных злачынцаў для адкрытага суда ў Беларусі альбо рабіць усё, каб гэтыя асобы былі прыцягнутыя да адказнасці міжнароднымі інстанцыямі. А ў Нюрнбергу будуць запытваць матэрыялы Нюрнбергскага працэсу, звязаныя з нашай краінай.

У пачатку чэрвеня стала вядома, што ў рамках "справы аб генацыдзе" Генпракуратура звярнулася да Літвы з просьбай праверыць інфармацыю аб датычнасці былога прэзідэнта Валдаса Адамкуса да знішчэння насельніцтва Беларусі падчас вайны і пасля яе. Сам 94-гадовы Адамкус назваў абсурдам падазрэнні беларускай пракуратуры ў яго датычнасці да "генацыду беларусаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі