Вы тут

Генадзь Коршунаў: пратэст не здзімаецца — але ідзе і будзе ісці хвалямі

Генадзь Коршунаў / “Фэйсбук”

Дзяржаўная прапаганда каторы тыдзень расказвае беларусам, што вулічныя пратэсты здзімаюцца, а выходзяць на іх цяпер толькі адбітыя радыкалы. З гэтым гледзішчам не згодны экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Коршунаў

Сацыёлаг сцвярджае, што, па-першае, пратэсты і не зліваюцца, і не радыкалізуюцца. А па-другое, пра стан пратэстаў нельга меркаваць толькі па вулічнай актыўнасці. 

— Калі паглядзець на фотаздымкі ці на відэа з вулічных мерапрыемстваў, дык цяжка гаварыць, што яны здзімаюцца, тым больш што яны не праходзяць у адным месцы. Больш за тое: вуліца, нядзельныя мерапрыемствы — гэта толькі адзін з пластоў, адна са сфер. А сфер, дзе ідуць значныя працэсы, іх значна больш. 

Гэтыя працэсы ідуць у кожнай асобна ўзятай галаве кожнага беларуса. Пасля — гэта сям’я, двары. Гэтыя працэсы ідуць па ўсёй краіне, хай і не заўсёды бачныя. Але і не факт, што найбольш значнымі будуць тыя працэсы, якія мы бачым.

Таму гаварыць, што пратэсты здзімаюцца... Не здзімаюцца. Пратэсты ідуць. Яны будуць ісці хвалямі, гэта заканамерна.

Генадзь Коршунаў — беларускі сацыёлаг. З 2018 года ўзначальваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі. У верасні 2020-га пакінуў пасаду “па пагадненні бакоў”.

На пачатку красавіка Інстытут сацыялогіі правёў даследаванне, паводле якога ўзровень даверу да Лукашэнкі ў Мінску склаў 24%, а давер да Цэнтрвыбаркама выказалі толькі 11% апытаных. Лічбы трапілі ў інтэрнэт. Коршунаў не стаў круціцца і пацвердзіў іх СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.