Вы тут

Гаспадар бара "Піцер": "Нехта памяняе назву — і ўсё ў яго будзе зашыбіся"

Фота: Арына Сандовіч

15 мая ўласнік памяшкання, у якім спачатку размяшчаўся пункт прыёму шклотары, потым — хіпстарскае "Малако", а пазней — бар і галерэя "Ў", зноў абвясціў пра пошук арандатара. Бар "Піцер", на сценах якога выяўленыя Пуцін, Кацярына II, Баярскі, не прапрацаваў тут і чатырох месяцаў.

"Не пераязджаем, проста прадаем свой бізнес, юрыдычную асобу, — патлумачыў гаспадар установы Арцём Музін. — Продаж мы планавалі першапачаткова. Вядома, хочам атрымаць выгаду. Прынцып, як, напрыклад, калі купляеце на рынку сырыя семечкі за рубель, потым дома смажыце і прадаяце за два".

Ідэяй бара "Піцер" уладальнік, тым не менш, задаволены, кажа, што яна мае права быць.

"Нехта прыйдзе, памяняе назву, і ўсё ў яго будзе зашыбіся", — кажа пры гэтым Арцём.

Еўрарадыё таксама паразмаўляла з прадстаўніком уласніка будынка, які прадставіўся Віталём:

"Так, мы сапраўды шукаем арандатараў. Квадратны метр тут каштуе ў раёне 14 еўра. Хто сюды заедзе і што адкрые, нам, у прынцыпе, усё роўна. Чуткі пра тое, што будынак знясуць, ходзяць з 2009 года. На пытанне, колькі ён прастаіць яшчэ, могуць адказаць толькі ў кампаніі "А-100 Дэвелапмент" (менавіта яна выкупіла квартал, абмежаваны праспектамі Незалежнасці, Машэрава, а таксама вуліцамі Чырвоная і Кісялёва — заўв. Еўрарадыё). На мінулым тыдні мы напісалі ім ліст з просьбай расказаць пра планы на наш будынак. Пакуль адказ не прыйшоў".