Вы тут

Галоўчанка: санкцыйны прэс дастаткова сур'ёзны

У БМЗ нялёгкія часы / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА

5 траўня ў беларускага прэм'ера Рамана Галоўчанкі абмяркоўвалася сітуацыя на БМЗ і МТЗ ва ўмовах заходніх санкцый. Як вядома, Галоўчанка — аптыміст, які неаднаразова казаў, што санкцыі хутчэй на карысць айчыннай прамысловасці. На сённяшняй нарадзе ён спачатку заявіў, што нават у такіх умовах "БМЗ у цэлым працуе ўстойліва", а "запасы гатовай прадукцыі невысокія", аб'ёмы вытворчасці і экспарту "знаходзяцца на дастатковым узроўні". Згадаў "істотную падтрымку дзяржавы", аказаную прадпрыемству ў 2021 годзе. Далей ужо гаворка ішла і пра "трывожныя тэндэнцыі".

"Разам з тым санкцыйны прэс дастаткова сур'ёзны,гаварыў прэм'ер. — Асабліва гэта датычыць спынення паставак на еўрапейскі рынак, які быў высокамаржынальным для прадпрыемства".

Галоўчанка лічыць, што прадукцыя БМЗ "запатрабаваная", таму "галоўнае — эфектыўна пераарыентаваць пастаўкі гатовай прадукцыі на альтэрнатыўныя рынкі". Цяпер стаіць пытанне "кампенсаваць аб'ёмы, якія выпадаюць з еўрапейскага рынку", адзначыў Раман Галоўчанка.

Тым не менш эксперты мяркуюць, што на БМЗ няпростая сітуацыя: метал і вырабы з металаў увайшлі ў новы санкцыйны спіс Еўрасаюза, а пастаўкі ў Расію не маюць сэнсу — там ёсць свае аналагічныя прадпрыемствы. У першым квартале сёлета былі зафіксаваныя "чыстыя страты".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.