Галоўчанка: расійскія калегі пайшлі насустрач, праблема вырашана

Раман Галоўчанка / БЕЛТА

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ўдалося дамовіцца з расійскім урадам аб падатковым манеўры. Адбылося гэта ў выніку падпісання дамовы аб ускосных падатках.

"Адзін з такіх знакавых момантаў, які знайшоў адлюстраванне ў гэтай дамове, гэта рашэнне праславутага пытання па зваротным акцызе, які шмат гадоў абмяркоўваўся, кажа Галоўчанка. — Гэта звязана з коштам нафты для беларускага боку. Таму пагадненне... фактычна выраўноўвае ўмовы [для беларускага і расійскага бакоў]. Яны будуць працаваць у адзіным прававым падатковым полі... Расійскія калегі пайшлі насустрач, і цяпер мы праблему, якая доўгі час пэўны негатыў стварала ў эканамічным парадку, яна таксама вырашана".

Расійскі ўрад кампенсуе нафтаперапрацоўчым заводам Расіі частку страт з-за павышэння кошту сыравіны. Падатковы манеўр, які дзейнічае ў РФ ужо некалькі гадоў, памяншае памер экспартнай пошліны на нафту і павялічвае на той жа памер падатак на здабычу карысных выкапняў. Згаданая пошліна фактычна ўключаецца ў цану нафты, якую набываюць беларускія НПЗ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.