Фядута абмяркоўвае з сукамернікамі Шэкспіра і піша кнігу

Аляксандр Фядута / Еўрарадыё​
Аляксандр Фядута / Еўрарадыё​

Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута ў зняволенні абмяркоўвае з сукамернікамі трагедыі Шэкспіра, расказала ў Facebook ягоная жонка Марына Шыбко. Днямі яна атрымала ліст ад Фядуты.

"З сукамернікамі абмяркоўваюць трагедыі Шэкспіра, народ падсеў на "Караля Ліра" і "Макбета". Па рэкамендацыі АІФа купілі "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Ну чым не кніганоша?" — піша Марына Шыбко.

Цікавасць да Уладзіміра Караткевіча прадыктаваная, імаверна, яшчэ і тым, што Фядута ў зняволенні пачаў працаваць над кнігай-каментаром да іншага рамана пісьменніка — "Каласы пад сярпом тваім".  Ён цяпер працуе з тэкстам рамана і замовіў энцыклапедыю "Караткевіч".

"Усім дзякуе, хто напісаў, але лісты не даходзяць, а чые атрымаў, на іх адказаў", — расказала таксама Марына Шыбко.

А у нас нового,то ,что пришло письмо от АИФа ! Был рад,что 5 мая получил перевод,телеграмму и 6 мая мое письмо....

Опубликовано Мариной Шибко Среда, 12 мая 2021 г.

Раней Аляксандр Фядута расказваў Еўрарадыё, што ў 2010 годзе ў "Амерыканцы" ён ад рукі "практычна напісаў дзве кнігі".

Аляксандра Фядуту затрымалі 12 красавіка ў Маскве разам з адвакатам беларускага паходжання з ЗША Юрыем Зянковічам. Адначасова ў Беларусі былі затрыманыя лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і экс-супрацоўніца мінскай кампаніі Зянковіча Вольга Галубовіч. Праз некалькі дзён Аляксандр Лукашэнка заявіў аб раскрыцці дзяржаўнага перавароту і рыхтаванага замаху на яго і яго дзяцей.

Затрыманым выставілі абвінавачванне ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч.1 арт. 357 КК).

Беларускія спецслужбы кажуць пра дзевяць фігурантаў гэтай справы. Чацвёра затрыманыя, яшчэ пяцёра — Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка, Ігар Макар і Віталь Макаранка — знаходзяцца за мяжой. Улады збіраюцца вырашаць пытанне аб іх экстрадыцыі.

Як доказ змовы дзяржаўныя СМІ выкарыстоўвалі ўрыўкі з канферэнцыі ў "зуме". Адзін з удзельнікаў той канфэрэнцыі, былы амапавец Павел Кулажанка, расказваў Еўрарадыё, што гэта была "звычайная размова з дыскусійнага клуба палітычных тэарэтыкаў". Не больш за тое.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі