Фотафакт: стос лістоў "дармаедам" у паштовым аддзяленні

Фотафакт: стос лістоў "дармаедам" у паштовым аддзяленні

Еўрарадыё пабывала ў адным з мінскіх аддзяленняў "Белпошты" і сфатаграфавала стос заказных лістоў з патрабаваннем  выплаціць збор за дармаедства. Кожны з гэтых канвертаў паштальёнкі спрабавалі даставіць адрасатам ― паводле дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі, іх трэба ўручыць пад роспіс ці самім дармаедам, ці іх прадстаўнікам. Але па розных прычынах гэта не атрымалася.

Фотафакт: стос лістоў "дармаедам" у паштовым аддзяленні
Фота: Еўрарадыё

Яшчэ адзін стос, паменш, ляжыць за спінай адной з паштальёнак. Цяпер яны "лісты шчасця" па кватэрах не носяць, толькі нагадваюць людзям паведамленнямі, што "падатак" чакае іх на пошце.

Фотафакт: стос лістоў "дармаедам" у паштовым аддзяленні
Фота: Еўрарадыё

"Мне аднойчы гэты ліст з падатковай проста кінулі ў твар", — распавядае паштальёнка.

"А я ў інтэрнэце чытала, што тых, хто не будзе плаціць, у турму будуць саджаць", — кажа іншая.

"У мяне такі выпадак быў: прынесла два лісты ў адну кватэру. Там у жанчыны двое дзяцей: дачка жыве за мяжой, а сын ― тут. І ён працаваў, і працуе, але быў неяк з памылкамі аформлены на працы, і за яго тая арганізацыя не пералічала грошы. І яны ў мяне пытаюцца, што ім рабіць, а я не ведаю, што адказаць", — далучаецца да размовы яшчэ адна супрацоўніца аддзялення.

"А мяне сустрэў пасля адзін чалавек, якому я ліст прынесла, і кажа: "Дзякуй за навагодні падарунак", — дадае тая, што згадвала турму. — А я кажу: "Выбачайце, не ад мяне ж залежыць!".

Па словах паштальёнак, іх аддзяленне атрымала каля тысячы "лістоў шчасця" з падатковай. Палову з іх яны ўручылі людзям ("Спачатку гэтыя лісты без праблем бралі, бо не ведалі, што там"). Прыкладна 500 канвертаў з квітанцыямі чакаюць адрасатаў на пошце.

Па звестках на пачатак 2016 года, у "Белпошты" было 3255 аддзяленняў сувязі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі