Вы тут

Фігуранты "справы Аўтуховіча" перадалі на волю зварот пра пагрозу іх жыццям

Група абвінавачаных падчас разгляду справы / БЕЛТА

Фігуранты "справы Аўтуховіча", якая разглядаецца ў Гродне, перадалі на волю зварот, у якім заявілі аб пагрозе іх жыццям і здароўю. Яго падпісалі Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер. Яны заявілі "аб рэзкім узмацненні фізічнага і псіхалагічнага ціску на большасць абвінавачаных па крымінальнай справе". Прычынай аўтары звароту бачаць "відавочны поўны развал абвінавачання", і "сістэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі".

Яны пайменна назвалі адказных за ціск сілавікоў: палкоўнік КДБ Варанецкі, следчыя Церашонак, Галавач, Лаўранчук, Герасімовіч, суддзя Філатаў, пракуроры Рабаў, Герасіменка, начальнік турмы Казакоў, намеснік начальніка Станеўскі, начальнік рэжымнага аддзела Коршунаў. Фігуранты справы вераць, што "ў новай свабоднай Беларусі" ўчынкі згаданых людзей "будуць ацэнены па заслугах народам і правасуддзем".

Суд "па справе Аўтуховіча" ідзе з 18 траўня ў будынку гродзенскай турмы №1. Паводле версіі следства, Мікалай Аўтуховіч быў кіраўніком групы, якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў у Беларусі. Яго абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх — "здрада дзяржаве", "стварэнне злачыннай арганізацыі", "акт тэрарызму", "замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.