Фанаты ХК "Нёман" вярнуліся на трыбуны пасля двухгадовага перапынку

Фанаты ХК "Нёман" знялі байкот / vgr.by

Фанаты хакейнага клуба "Нёман" спынілі байкот матчаў і вярнуліся на "фанацкі сектар" трыбун.

Гэта адбылося 29 верасня на хатнім матчы супраць "Металурга", піша by.tribuna.com. Ранейшым застаўся і лідар фанацкага руху — заўзятар са стажам Сяргей Емяльянаў.

У 2020-м годзе пасля фальсіфікацыі выбараў і жорсткіх разгонаў пратэстаў фанацкія аб'яднанні ў Беларусі прынялі рашэнне байкатаваць матчы. Сярод іх былі і фанаты хакейнага "Нёмана", пагатоў што 62 прадстаўнікі клуба падпісалі праўладны ліст.

Аднак цяпер фанаты ХК "Нёман" перамянілі сваё ранейшае рашэнне, хаця сітуацыя ў краіне да лепшага не памянялася.

Прадстаўнік гродзенскай футбольнай супольнасці фанатаў кажа, што "хакейнікаў" асуджаюць. Футбольныя фанаты вяртацца на "свой" сектар не плануюць: "Пры рэжыме Лукашэнкі вяртанне дакладна не адбудзецца. Я думаю, такое меркаванне ва ўсіх рухах. Не здзіўлюся, калі ўлады з часам на нашы месцы пасадзяць БРСМ-актывістаў, каб стварыць нейкі сектар, але сапраўдныя фанаты дакладна не вернуцца. Запомніце: калі няма старых банэраў, расцяжак, то гэта БРСМ-атрад".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.