Еўрасаюз прыняў восьмы пакет санкцый супраць Расіі

ЕС прыняў чарговы пакет санкцый супраць Расіі / pixabay.com

Еўрасаюз прыняў восьмы пакет санкцый супраць Расіі. Як паведамляецца на сайце Еўракамісіі, гэта адказ на працяг эскалацыі і незаконную вайну Расіі супраць Украіны, у тым ліку незаконную анексію ўкраінскай тэрыторыі на аснове фіктыўных "рэферэндумаў", мабілізацыю дадатковых войскаў і адкрытых ядзерных пагроз.

У новым пакеце санкцый уводзяцца забароны на імпарт з ЕС на суму 7 мільярдаў еўраў, а таксама экспартныя абмежаванні на пастаўку ў Расію ключавых кампанентаў і тэхналогій.

Пад санкцыі трапляюць шэраг асобаў, датычных да акупацыі Украіны і правядзення так званых "рэферэндумаў". Гэта фізічныя і юрыдычныя асобы, якія працуюць у абаронным сектары, высокапастаўленыя і ваенныя чыноўнікі, а таксама кампаніі, якія падтрымліваюць расійскія Узброеныя сілы.

ЕС забараняе экспарт вугалю, пэўных электронных кампанентаў (якія выкарыстоўваюцца ў расійскай зброі), тэхнічных вырабаў, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыйным сектары, а таксама некаторых хімічных рэчываў.

Уводзіцца забарона на экспарт стралковай зброі ды іншых тавараў у адпаведнасці з пастановай аб барацьбе з катаваннямі.

Еўрасаюз абвяшчае забарону на імпарт гатовай расійскай прадукцыі і паўфабрыкатаў з сталі, машын і прыбораў, пластмас, транспартных сродкаў, тэкстылю, абутку, скуры, керамікі, некаторых хімічных прадуктаў і ювелірных вырабаў, якія не змяшчаюць золата.

На нафту абвяшчаецца "столь цэнаў". "У той час як забарона ЕС на імпарт расійскай марской сырой нафты цалкам захоўваецца, абмежаванне цэнаў, як толькі яно будзе ўведзена, дазволіць еўрапейскім аператарам ажыццяўляць і падтрымліваць транспарціроўку расійскай нафты ў трэція краіны пры ўмове, што яе цана застаецца ніжэйшай за загадзя вузначаную "мяжу". Гэта дапаможа яшчэ больш скараціць даходы Расіі, захоўваючы пры гэтым стабільнасць сусветных энергетычных рынкаў за кошт працягу паставак", — адзначаюць у Еўракамісіі.

Гэтая мера набудзе моц пасля 5 снежня 2022 года для сырой нафты і 5 лютага 2023 года для прадуктаў перапрацоўкі нафты, пасля далейшага рашэння Савета ЕС.

Грамадзянам ЕС забаронена займаць пасады ў кіруючых органах некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў Расіі.

Таксама ЕС забараняе ўсе кашалькі, уліковыя запісы або паслугі захоўвання крыптаактываў незалежна ад сумы кашалька (раней дазвалялася да 10 000 еўра).

Ураду Расіі ці юрыдычным асобам, створаным у Расіі, забаронена прадастаўляць ІТ-кансультацыі, юрыдычныя кансультацыі, архітэктурныя і інжынерныя паслугі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.