Еўрапол разграміў сетку, якая незаконна перапраўляла мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Затрыманні арганізатараў нелегальнай міграцыі / strazgraniczna.pl
Затрыманні арганізатараў нелегальнай міграцыі / strazgraniczna.pl

7 снежня ў Еўропе разграмілі злачынную сетку, якая нелегальна перапраўляла мігрантаў з Беларусі ў краіны Еўрасаюза. У аперацыі ўдзельнічалі службы Польшчы, Германіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі, паведамляе прэс-служба польскіх памежнікаў. Акцыя ладзілася ў рамках мэтавай групы Еўрапола.

У Польшчы затрымалі 51-гадовага арганізатара нелегальнай міграцыі. Гэта грамадзянін Польшчы, уладальнік таксаматорнай кампаніі, які пазычаў транспарт для перавозкі нелегальных мігрантаў. Яго ўзялі пад нагляд паліцыі і забаранілі пакідаць Польшчу.

Агулам у Польшчы затрымалі 23 чалавекі (восем грамадзян Польшчы, дзевяць — Украіны, два — Туніса, два — Грузіі, па адным — з Ірака і Беларусі). Яны ўваходзілі ў групу, якая дапамагала мігрантам нелегальна перапраўляцца праз мяжу з Беларусі. 15 чалавек часова ўзятыя пад арышт, астатнія — па нагляд паліцыі і забарону на выезд з краіны.

Агулам, як паведамляецца, Еўрапол затрымаў 60 чаавек. Даход групы ацэньваецца каля 16 мільёнаў еўра.

Злачынную сетку складалі пераважна грамадзяне Сірыі і Турцыі. Яны вербавалі мігрантаў з Ірака і дапамагалі ім перабрацца з Ірака ў Еўрасаюз. Сетка дзейнічала ў некалькі краінах, якія знаходзяцца на шляху кантрабанды. Ролі ўдзельнікаў былі падрабязна распісаныя, большасць людзей, якія працуюць на розных узроўнях, не ведалі адзін аднаго.

За поўную перапраўку з краіны паходжання праз Расію і Беларусь у Германію ці Вялікабрытанію мігранты плацілі да 15 000 еўра. Плацяжы ішлі праз падпольную фінансавую сістэму хавала. Хаваладэры, якія знаходзіліся ў Берліне, расплочваліся з кіроўцамі праз пасярэднікаў пасля таго, як атрымлівалі пацвярдэжнне, што мігранты прыбылі ў пункт прызначэння.

Транзітнай краінай і лагістычным цэнтрам злачыннай сетка абрала Турцыю. Адтуль мігранты па турыстычных візах прыляталі ў Маскву. З Расіі іх перавозілі ў Беларусь (Мінск і Гродна). А адтуль ужо праз Польшчу і Літву шлях вёў у Германію.

Кіроўцамі вербавалі пераважна ўкраінцаў — праз анлайн-форумы і сацыяльныя сеткі. Мігрантаў часта перавозілі ў небяспечных для жыцця умовах у перапоўненых машынах, у рэфрыжэратарах і г.д.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі