Вы тут

Еўрабачанне ўсё ж пройдзе ў Вялікабрытаніі — ужо дакладна

Лондан / Фота ілюстрацыйнае, pixabay

Арганізатары Еўрабачання вырашылі, што не змогуць у наступным годзе зладзіць конкурс ва Украіне, піша ВВС.

Сёлета ў конкурсе перамог прадстаўнік Украіны Kalush з песняй "Stefania". Таму паводле правілаў менавіта Украіна мусіла б прыняць конкурс у наступным годзе. Але арганізатары вырашылі, што праз вайну і немагчымасць гарантаваць ва Украіне бяспеку як для гасцей, так і для канкурсантаў, яны павінны перанесці мерапрыемства.

Вялікабрытанію выбралі краінай, якая прыме конкурс замест Украіны, бо брытанскі выканаўца заняў сёлета другое месца. Пакуль невядома, які менавіта горад зробіцца пляцоўкай, але цікавасць ужо праявілі Глазга і Манчэстэр.

Брытанскія журналісты пішуць, што яшчэ некалькі гарадоў — Лідс, Ліверпуль, Ньюкасл, Бірмінгем, Абердзін, Лондан, Брайтан, Белфаст і Кардыф — маглі б забяспечыць прыдатныя ўмовы. Зараз ім давядзецца пазмагацца за права прыняць конкурс — пройдуць таргі.

Яшчэ ў чэрвені Борыс Джонсан заступаўся за права Украіны прыняць конкурс, пісала выданне The Scotsman.

Джонсан прызнаваў, што ў Брытаніі было "фантастычнае выступленне", але запэўніваў, што Кіеў "або любы іншы бяспечны ўкраінскі горад быў бы фантастычным месцам для гэтага".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.