Экс-журналіста БТ Дзмітрыя Лукшу асудзілі на 4 гады калоніі

Суд па "справе Дзмітрыя Лукшы" / sb.by
Суд па "справе Дзмітрыя Лукшы" / sb.by

Чатыры гады калоніі агульнага рэжыму прысудзілі экс-журналісту БТ (ён вёў "Зону Х") і пазаштатнаму карэспандэнту казахстанскага тэлеканала "Хабар 24" Дзмітрыю Лукшу, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Працэс праходзіў у Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядала суддзя Наталля Бугук.

Нагодай для абвінавачання Лукшы сталі відэасюжэты пра Беларусь, якія ён рабіў для казахстанскага тэлеканала. 

Акрамя Лукшы на лаве падсудных апынуліся яго жонка і яшчэ два мужчыны. Іх вінавацілі ў "дыскрэдытацыі Беларусі", а таксама "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Акрамя зняволення Лукшу прысудзілі таксама выплаціць штраф у 16 тысяч рублёў (500 базавых велічыняў).

Яго жонка Паліна Палавінка асуджаная на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 3200 рублёў(100 базавых). Дзяніс Яроўскі правядзе 1,5 года ў калоніі агульнага рэжыму і заплаціць штраф у 100 базавых (3200 рублёў). А Канстанціну Ніканораву прысудзілі 3 гады "хатняй хіміі" і штраф у 100 базавых (3200 рублёў).

Лукшу і ягоную жонку праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі