Экс-тэлевядоўцаў Кахно і Дудзінскага зноў будуць судзіць

Экс-тэлевядоўцаў Кахно і Дудзінскага зноў будуць судзіць

У Заводскім раёне Мінска 8 кастрычніка павінныя былі прайсці суды над экс-тэлевядоўцамі Дзмітрыем Кахно і Дзянісам Дудзінскім. Іх прозвішчы з'явіліся ў раскладзе суда. Пачатак працэсаў быў прызначаны на 10:00.

Дудзінскага мусілі судзіць паводле арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а Кахно — паводле арт. 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне). Аднак абодва яны не змаглі быць на судах, таму працэсы перанеслі.

Дудзінскі кажа, што пра суд даведаўся толькі сёння і выпадкова. "Патэлефанавалі сябры, сказалі, што заўважылі маё прозвішча ў раскладзе. У гэты час я знаходзіўся за 150 кіламетраў ад Мінска і не мог прыехаць на працэс", — перадае TUT.by яго словы. Суд над Дудзінскім перанеслі на 12 кастрычніка. Артыст кажа, што здагадваецца, чаму яго зноў запрашаюць у суд, але агучваць гэтую версію не хоча — маўляў, магчыма, памыляецца.

Дзмітрый Кахно таксама не прысутнічаў у судзе і не хоча каментаваць сітуацыю. "Цяпер мы з жонкай чакаем нараджэння дачкі — гэта для мяне самае галоўнае", — кажа ён.

Абодвух вядоўцаў затрымалі ў Мінску 2 верасня і асудзілі на 10 сутак арышту. Аднак адпусцілі іх з Акрэсціна не 12 верасня, а толькі 14-га. Дзяніс Дудзінскі распавёў пра гэта так: "Нас папрасілі пабыць некаторы час яшчэ на тэрыторыі гэтай установы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі