Экс-палкоўнік ФСБ пра "спробу перавароту": гэта добра разыграная правакацыя

Экс-палкоўнік ФСБ пра "спробу перавароту": гэта добра разыграная правакацыя

Гісторыя са "спробай перавароту" ў Беларусі — гэта добра разыграная правакацыя спецслужбаў. Такое меркаванне палкоўнік ФСБ у адстаўцы і экс-дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі Генадзь Гудкоў выказаў у інтэрвію з Радыё "Свабода". 

Гудкоў адзначыў, што на аператыўных здымках, якія паказалі па тэлевізіі, абмяркоўваецца магчымасць змяніць уладу ў Беларусі. 

"Перад намі абмеркаванне магчымасці змены ўлады ў Беларусі. Як мы ведаем, улада там узурпаваная. У прэамбуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ёсць права народа, які прыгнятаюць, на паўстанне і звяржэнне дыктатара. Гэтую дэкларацыю падпісаў у 1948 годзе СССР, і тыя краіны, якія ўваходзілі ў яго склад", — адзначае Гудкоў. Ён падкрэслівае, што беларускі народ пазбаўлены права фармаваць уладу, таму мае права на паўстанне.

Экс-палкоўнік ФСБ кажа, што ніякіх сведчанняў сапраўднай падрыхтоўкі перавароту не паказана — толькі размовы: "Мы не бачым ані зброі, ані сховішчаў, ані грошай, ні пароляў, ні явак, ні партызанаў. Людзі сабраліся абмеркаваць план змены ўлады ў Беларусі. Яны маюць такое права. Яны цудоўна разумеюць, што шляхі легальнай палітычнай змены ўлады знішчаныя. Калі ў краіне знішчаюцца легальныя, цывілізаваныя і бесканфліктныя спосабы змены ўлады, то чакайце іншага. Казаць пра тое, што цяпер у Беларусі дзейнічаюць нейкія законы, было б вельмі легкадумна".

Усю гісторыю са "спробай перавароту" Гудкоў называе граматнай гульнёй спецслужбаў: "Мой жыццёвы, аператыўны і палітычны досвед кажа пра тое, што гэта добра разыграная правакацыя, аператыўная гульня, якую вядуць спецслужбы праз сваю агентуру або штатных супрацоўнікаў пад прыкрыццём з гэтымі няўдачлівымі змоўшчыкамі. Па вялікім рахунку, з "чайнікамі". Яны сталі ахвярамі аператыўных камбінацый спецслужбаў. Іх падставілі, унушылі, легендавалі, што сярод іх генералы".

Ён згадвае вядомую гісторыю з аперацыяй "Трэст" у 1920-х, калі чэкісты завабілі ў Савецкі Саюз Барыса Савінкава. Дзеля гэтага ствараўся выгляд развітай падпольнай сеткі з базамі і яўкамі ў розных гарадах, якія паказвалі эмісарам Савінкава. Урэшце той паверыў, перайшоў савецкую мяжу — і трапіўся чэкістам.

Гудкоў не адмаўляе, што дапамагчы беларускім спецслужбам магло і расійскае ФСБ: "ФСБ падыграла і дапамагло. У Пуціна такія ж праблемы, як і ў Лукашэнкі. Магчыма, не цяпер, але ў будучыні. Пуцін і Лукашэнка ненавідзяць адзін другога, але няшчасце трымаць уладу на штыках збліжае іх. А рэпутацыя, што ў КДБ, што ў ФСБ ці ў ГРУ вельмі моцна заплямленая непрафесіяналізмам, і ўдзелам у актах дзяржаўнага тэрору, і абаронай рэжымаў, якія ўзурпавалі ўладу".

Экс-палкоўнік ФСБ перасцерагае тых беларусаў, якія яшчэ спадзяюцца на расійскія ўлады: "Расія — гэта тое ж самае, што і Беларусь, але дзе працэсы затрымаліся недзе на паўгода. Нічога добрага Беларусі пры пуцінскім рэжыме на чакайце. Пакуль не зменіцца ўлада ў Расіі, Беларусі спадзявацца на Маскву абсалютна бессэнсоўна, небяспечна і шкодна. Пуцін ужо практычна збудаваў паліцэйскую хунту, ён узурпаваў уладу, вырашыў трымаць яе грубай сілай. Чаго вы чакаеце ад расійскага рэжыму ў гэтай сітуацыі? Чаго чакаюць беларусы ад паліцэйскай хунты Пуціна? Ніякі чалавек, пастаўлены Крамлём у Беларусі, нічога добрага для Беларусі не зробіць. А можа, нават зробіць горш".

КДБ Беларусі затрымаў юрыста Юрася Зянковіча і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту (у Маскве), а таксама старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва (у Шклове). Іх вінавацяць у спробе захопу ўлады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі