Вы тут

Экс-кіраўніка магілёўскага аддзялення "Белгазпрамбанка" асудзілі на тры гады

Сяргей Кармызаў / БЕЛТА

26 лютага суд Кастрычніцкага раёна Магілёва агучыў прысуд экс-дырэктару Магілёўскай абласной дырэкцыі ААТ "Белгазпрамбанк" Сяргею Кармызаву.

Паводле інфармацыі БЕЛТА, яго асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама Кармызаў павінен заплаціць штраф у 8700 рублёў (300 базавых велічыняў). Ён на 5 гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых работ.

Кармызава прызналі вінаватым у наўмысным здзяйсненні службовай асобай дзеянняў, якія выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадстаўленых яму па службе, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян; перавышэнне службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці (ч. 2 арт. 426 КК).

Кармызава затрымалі 12 чэрвеня 2020 года. Паводле матэрыялаў справы, на пасадзе намесніка дырэктара Магілёўскай абласной дырэкцыі "Белгазпрамбанка" ён угаварыў сваю знаёмую Святлану Цэдзік узяць крэдыт для бізнесоўца і дырэктара ТДА "Арсенал" Уладзіміра Новікава. Грошы патрэбныя былі для стабільнай працы прадпрыемства. За паспяхова аформленую здзелку Кармызаў нібыта павінен быў атрымаць ад свайго знаёмага 10% ад сумы крэдыту. Калі Новікава пасадзілі, ён перастаў аплачваць крэдыт, і Цэдзік напісала заяву ў міліцыю.

Дарэчы, на некалькі апошніх пасядэжнняў па справе Кармызава журналістаў недзяржаўных СМІ не пускалі. Гэта тлумачылі нібыта запоўненасцю залы і бяспекай удзельнікаў працэсу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.