Вы тут

Эканаміст Ціханоўскай расказаў, чаму цяпер на заводах усё па-сапраўднаму дрэнна

Што будзе з заводамі? / pixabay

Ёсць краіны, якія патэнцыйна гатовыя былі б набываць беларускія калійныя ўгнаенні. Але няма магчымасцяў паставіць іх у дастатковых аб’ёмах, кажа ў эфіры Еўрарадыё эканаміст Алесь Аляхновіч.

— “Беларуськалій” — самае прыбытковае прадпрыемства Беларусі за ўсю гісторыю. І ў “Беларуськалія” праблемы. Не толькі пастаўкі пад санкцыямі Еўрасаюза і некаторых іншых краінаў. Акрамя гэтага, закрыты транзіт калію: нельга пастаўляць яго праз літоўскія і латышскія парты.

Да таго ж еўрапейскія страхавікі не могуць і страхаваць гэтыя перавозкі. То-бок ідзе калій у Кітай ці Бразілію, а міжнародныя страхавікі не будуць страхаваць гэтыя грузы. А гэта заўсёды дрэнна і для тых, хто пастаўляе гэтую прадукцыю, і для тых, хто набывае яе.

Раней беларускія ўлады маглі разлічваць на пастаўкі праз адэскі ці мікалаеўскі порт. Цяпер парты блакаваныя, а беларускія вагоны, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны, нацыяналізаваныя ўкраінскай дзяржавай. Яшчэ адна магчымасць для паставак, якую страціла Беларусь, — пастаўкі праз расійскія парты.

— Акрамя пафасных заяваў нічога не было зроблена, каб наладзіць транзіт беларускіх угнаенняў праз расійскія парты.

Былі заявы, што нязначную частку ўгнаенняў Беларусь пастаўляе чыгункай у Кітай. Але гэта, па-першае, дорага, па-другое, мала.

Два іншыя некалі прыбытковыя прадпрыемствы — “Нафтан” і Мазырскі НПЗ — таксама сутыкнуліся з цяжкасцямі. Раней 40% прадукцыі яны пастаўлялі ва Украіну. У розныя гады гэтыя пастаўкі лічыліся мільярдамі долараў. Цяпер гэтыя нафтапрадукты ва Украіну ўжо не ідуць. Пастаўкі ў Еўрасаюз немагчымыя праз санкцыі. А пастаўкі ў Расію не маюць сэнсу, бо там ёсць свае НПЗ, кажа Аляхновіч. У выніку прадпрыемствы працуюць на мінімальных абаротах.

Яшчэ адно буйное прадпрыемства — БМЗ. Метал і вырабы з металаў увайшлі ў новы санкцыйны спіс Еўрасаюза. А пастаўкі ў Расію не маюць сэнсу, бо там ёсць свае аналагічныя прадпрыемствы.

Што ж да “Гродна Азота”, дык раней прадпрыемства актыўна працавала са знешнімі рынкамі, а цяпер можа арыентавацца толькі на ўнутраны.

— Калі паглядзець на буйныя прадпрыемствы, можна пабачыць, што праблемы ёсць. Раней не было праблемаў з фінансамі, была праблема, як абысці санкцыі. Цяпер ёсць праблемы фінансавыя, лагістычныя і іміджавыя: ніхто ў свеце асабліва не хоча супрацоўнічаць з беларускімі прадпрыемствамі. Таму ўсё вельмі сур’ёзна.

Эфір з Алесем Аляхновічам

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.