"Дзядзя Вова, ваяваць няма калі" — Чалы пра мабілізацыю ў Беларусі

Сяргей Чалы / Еўрарадыё

Сяргей Чалы / Еўрарадыё

Беларускае войска не пяройдзе мяжу з Украінай, таму што Лукашэнка ведае, што яго там чакае. А мабілізацыя ў краіне будзе хутчэй эканамічнай, чым вайсковай. Такое меркаванне выказаў эканамічны аналітык Сяргей Чалы ў эфіры "Звычайнай раніцы".

Лукашэнка зразумеў, што ніякай перамогі не прадбачыцца

— Пасля першых двух тыдняў Лукашэнка даволі хутка зразумеў, што яму трэба рабіць. Мы ж бачылі, як ён эвалюцыянаваў. Гэта значыць, год таму ён быў падпальшчыкам гэтай вайны. Ён падбухторваў Пуціна: "Давай, давай, ідзі, уламі ім там", выконваў такую пазіцыю "шасцёркі". Яшчэ нават першыя тыдні [вайны] ён расказваў, што Зяленскаму трэба здацца і хутка спыніць гэтую вайну. І пасля гэтага ён зразумеў, што бліцкрыга не атрымліваецца: за 2-3 дні, якія яму абяцаў Пуцін, перамогі не прадбачыцца, а цяпер, хутчэй за ўсё, увогуле ніякай перамогі не прадбачыцца.

Паркетная армія

— Стан уласнага войска ён ведае даволі добра — гэта такая парадная, паркетная армія, якая не мае ніякага ваеннага досведу. І ўвесь час застылая грымаса страху на твары міністра абароны гэта добра ілюструе. І гэта яго "мы сядзім на попе роўна", "мы на месцы". Памятаеце хэштэг, калі вайна ўжо ішла, а міністэрства абароны распаўсюджвала ролікі аб тым, што "мама, мы на месцы"? Падцягваемся, на турніку круцімся. Гэта цяпер, відаць, адзінае, што ён [Лукашэнка] можа рабіць, адлюстроўваючы крэатыўную пракрасцінацыю.

Гэта значыць, дзядзька Вова, ваяваць няма калі. Ты разумееш, з усіх бакоў нешта адбываецца — то ўборачная, то пасяўная, то гусеніцы ляскаюць на заходняй мяжы, то яшчэ нешта. Увогуле, увесь час даводзіцца прыкрываць спіну, бакі рускаму салдату. Ён увесь час паказвае, што яны тама моцна задзейнічаныя. Вы ж бачылі, як адказаў Вальфовіч на пытанне што будзе з мабілізацыяй? А мы ўжо мабілізаваныя. У нас такая вось мабілізацыя. Мы паказваем усім сваім выглядам, як мы гераічна, напружана сядзім на попе роўна.

Эканамічная мабілізацыя

— Я думаю, што максімум, які можа прапанаваць Беларусь для Расіі, апынуўшыся ў такой сітуацыі, — гэта не ваенная мабілізацыя, а, хутчэй, эканамічная мабілізацыя. Бо калі гаворка ідзе аб мабілізацыі, трэба памятаць, што вайну ніколі не вядзе войска. Вайну вядзе краіна. І цяжар заўсёды кладзецца на грамадзян. Пытанне толькі, наколькі раўнамерна. Мы ж бачым, што ў Расіі гэта ўжо набывае рысы этнічных чыстак, калі церпяць самыя недаразвітыя рэгіёны. Тое, ў Расіі павінен адбыцца пераход эканомікі на ваенныя рэйкі з усімі наступствамі — гэта відавочна. Гэта наступны крок, ён ужо на адлегласці выцягнутай рукі. І я думаю, што нешта падобнае адбудзецца з асноўнымі беларускімі прадпрыемствамі, якія знаходзяцца ў кааперацыі з Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі