Дзмітрый Піневіч дачакаўся вакцыны ад COVID беларускага разліву і прышчапіўся
Дзмітрый Піневіч зрабіў прышчэпку ад COVID-19 / @ minzdravbelarus
Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя ўхваліла расійскі прэпарат "Спутник V", расфасаваны на "Белмедпрэпаратах".
Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч зрабіў прышчэпку ад каранавіруса. Ён вакцынаваўся прэпаратам "Спутник V", выпушчаным на "Белмедпрэпаратах", паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
"Можна ўжо афіцыйна заявіць, што партыя ўвайшла ў масавы абарот", — сказаў міністр.
Напярэдадні вакцына "Спутник V" беларускага разліву была ўхваленая Міністэрствам аховы здароўя. Гэтаму папярэднічаў шэраг экспертыз.
Плануецца, што "Белмедпрэпараты" будуць штомесяц выпускаць да 500 тысяч доз вакцыны. У Міністэрстве аховы здароўя мяркуюць, што гэта дазволіць істотна павялічыць даступнасць прэпаратаў для беларускіх грамадзян.
Масавая вакцынацыя ўжо пачалася. Прышчэпкі робяць у паліклініках — па запісе і бясплатна. У Мінску з часам плануюць арганізаваць прышчэпачныя пункты і ў буйных гандлёвых цэнтрах. Да восені ў сталіцы плануюць прышчапіць да 60% жыхароў горада.
Між тым на гэтым тыдні медыкі абвесцілі пра пачатак трэцяй хвалі каранавіруса ў Беларусі. У краіне назіраецца "чарговы ўздым захворвання інфекцыяй", канстатавала начальніца аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.