Вы тут

Дырэктара івэнт-агенцтва пакаралі за крыкі гледачоў канцэрта: "Жыве Беларусь!"

Гледачы на канцэрце гурта "Пошлая Молли" / кадр з відэа

8 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска прайшоў суд над дырэктарам івэнт-агенцтва Антонам Сасноўскім, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Сасноўскага судзілі за канцэрт гурта "Пошлая Молли", які прайшоў у сталіцы 26 траўня. Яго абвінавацілі па "народным" артыкуле 24.23 за "парушэнне вызначанага парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства". Як было адзначана ў пратаколе, гледачы канцэрта выкрыквалі лозунг "Жыве Беларусь!", чым "выказвалі свой грамадска-палітычны настрой". 

Што цікава, відэа гэтага "правапарушэння" міліцыянты выявілі 30 траўня ў адным з ТГ-каналаў.

Сасноўскі патлумачыў суддзі Аляксандру Рудэнку, што ўсё адбылося падчас канцэртнай паўзы. У апаратуры выявілі няспраўнасць, і арганізатары займаліся яе ліквідацыяй. "Выкрыкі лозунгі наведвальнікаў доўжыліся не больш за 30 секундаў і ў поўным аб'ёме трапілі на відэа", — дадаў ён. 

Па словах Сасноўскага, за ўсе шэсць гадоў дзейнасці арганізатары канцэртаў ніколі з гэтым не сутыкаліся і былі цалкам занятыя ліквідацыяй няспраўнасці і не ведалі, як на гэта рэагаваць і якія меры прымаць. 

Супрацоўнікаў івэнт-агенцтва пасля канцэрта выклікалі ў РУУС. Па словах Сасноўскага, яны атрымалі поўныя інструкцыі і рэкамендацыі па ўзаемадзеянні. Наступны канцэрт, арганізаваны праз тры дні, прайшоў без інцыдэнтаў. 

Суддзя прызнаў Антона Сасноўскага вінаватым і аштрафаваў на 2175 рублёў (75 базавых велічыняў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.