ДПК пра забарону на выезд для замежнікаў з беларускім ВНЖ: ставімся як да сваіх

Пункт пропуску "Новыя Ярылавічы" / tsn.ua
Пункт пропуску "Новыя Ярылавічы" / tsn.ua

Замежнікі з відам на жыхарства ў Беларусі не маюць права выязджаць з нашай краіны. На іх распаўсюджваюцца такія ж абмежаванні, як на грамадзян Беларусі.

Норма дзейнічае яшчэ з 21 снежня, але цяпер Дзяржаўны пагранічны камітэт надумаў нагадаць пра яе, бо пасля скарачэння авіярэйсаў з Мінска многія замежныя грамадзяне спрабуюць выехаць з Беларусі наземным транспартам. Аднак тых, у каго ёсць беларускі від на жыхарства, не выпускаюць — нягледзячы на тое, што ў іх ёсць пашпарт іншай дзяржавы.

— Калі замежнік пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па сапраўдным відзе на жыхарства, мы да яго ставімся як да грамадзяніна Беларусі. Фактычна ставім яго ў такія ж умовы, каб ён не кідаўся туды-сюды па сваім меркаванні. А спрыяў таму, каб каранавірусная інфекцыя не распаўсюджвалася, знаходзячыся па месцы свайго пастаяннага пражывання, — расказвае прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта.

Выходзіць, з пункту гледжання дзейных у Беларусі абмежаванняў не ўсе замежнікі аднолькавыя. Адным можна выехаць з краіны, а другім не.

Таксама ДПК паведаміў, што беларусы з часовым відам на жыхарства ў іншай краіне не маюць права пакінуць межы краіны. Падыходзіць толькі пастаянны ВНЖ.

— Гэта катэгорыя дакументаў не адносіцца да дакументаў, якія пацвярджаюць пастаяннае пражыванне за мяжой, — працягваюць у прэс-службе Дзяржпагранкамітэта. — Ён таму і называецца "часовы від на жыхарства".

Абмежаванні датычацца перасячэння мяжы праз наземныя пункты пропуску. З іх ёсць выключэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі