Вы тут

"Долар, які падае, дадае мала пазітыву": эканоміка сціскаецца, а людзі бяднеюць

Беларусы прывыклі ў любой незразумелай сітуацыі бегчы ў абменнік, але долар стаў падаць​ / Reuters

Беларуская эканоміка сціскаецца, як і заробкі, хоць знешні гандаль выглядае нібыта някепска. Як гэта адаб'ецца на людзях і ці варта захоўваць сродкі, як прывыклі беларусы, у доларах і еўра, калі яны падаюць, расказвае старшы аналітык газеты "Белорусы и рынок" Вадзім Іосуб.

Як мяняўся курс долара з пачатку вайны ва Украіне / звесткі Нацбанка

Праз год назапашанай валюце ўзрадуецеся

— Долар і еўра падаюць, калі валюту прадаюць больш, чым купляюць, — кажа аналітык.

Па звестках Нацбанка, у мінулым месяцы больш прадавалі, чым куплялі, валюты практычна ўсе: банкі, людзі, прадпрыемствы і нерэзідэнты.

— Пакуль гэтая сітуацыя будзе працягвацца, валюта будзе зніжацца. Але ніхто не гарантуе, што гэтая сітуацыя будзе працягвацца бясконца. Цяпер падзенню валюты да беларускага рубля спрыяе тое, што долар і еўра падаюць да расійскага рубля. Калі мы гаворым пра найбліжэйшыя некалькіх тыдняў, падзенне і долара, і еўра можа працягнуцца.

Можа, пара пазбаўляцца ад долара і еўра, пакуль яны не патаннелі яшчэ больш?

— Калі ў вас мэта паспекуляваць, паспрабаваць з тысячы долараў зрабіць тысячу дзесяць долараў, можна паспрабаваць цяпер долары прадаць, а праз тыдзень або праз два паспрабаваць іх купіць. Калі ў вас ляжаць долары з больш працяглай мэтай, мае сэнс, каб гэтыя долары ляжалі, і нічога з імі не здарыцца.

Санкцыі вядуць да таго, што падае беларускі экспарт. Значыць, прытоку валюты будзе менш і курс зноў будзе расці.

— Як пачне моцна падаць беларускі экспарт, гэта будзе азначаць зніжэнне беларускага рубля. І тады вы парадуецеся, што не прадалі цяпер сваю тысячу долараў. Калі ў вас ёсць рублі і вы гатовыя купляць валюту, так, яе мае сэнс назапашваць. Думаю, праз год такім пакупкам вы будзеце радыя.

 

Эканоміка сціскаецца: бяднеюць усе

Санкцыі моцна б'юць па знешнім гандлі Беларусі, што сціскае эканоміку / Еўрарадыё

У беларускіх прадпрыемстваў ёсць валюта, якую яны могуць прадаваць. Аднак гэта не вельмі добра ў бягучай сітуацыі. Каб валюта была, трэба станоўчае сальда знешняга гандлю. Гэта значыць, прадаваць за мяжу больш, чым купляць. Гэта тое, да чаго імкнуліся ўлады і кампаніі, але цяпер сітуацыя іншая. Экспарт і імпарт падаюць. Пры гэтым імпарт зніжаецца хутчэй, таму сальда і станоўчае. У сакавіку яно склала $330 млн.

— Калі параўноўваць сакавік з лютым, экспарт [тавараў і паслуг. — Еўрарадыё] ўпаў на 16 адсоткаў, а імпарт упаў на 25 з лішнім адсоткаў. Гэта сведчанне таго, што эканоміка запавольваецца, становіцца менш складанай. Лепш, каб і экспарт, і імпарт раслі нават пры адмоўным сальда.

Спад экспарту азначае, што беларусы менш зарабляюць на гандлі за мяжой. А падзенне імпарту, што нейкія прадпрыемствы проста не закупяць патрэбныя для вытворчасці тавары.

— Многія павінны купляць нейкую імпартную сыравіну, камплектуючыя і гэтак далей. Прадпрыемствы, калі выдаткуюць свае складскія запасы, будуць менш вырабляць. А хтосьці, можа быць, наогул не зможа вырабляць.

Калі трэнд па зніжэнні і экспарту, і імпарту будзе працягвацца, то, на жаль, хтосьці можа застацца без працы. У першую чаргу гэта закране імпарцёраў і прадпрыемствы-экспарцёры. А па ланцужку гэта можа закрануць усіх. На жаль, ва ўмовах санкцый гэты вынік непазбежны, — працягвае Вадзім Іосуб.

Змены ў знешнім гандлі прыкметна б'юць па беларускай эканоміцы, паколькі яна арыентаваная на экспарт. Таму ў найбліжэйшай перспектыве добрага чакаць не варта, нягледзячы на падзенне долара і еўра.

 

Курс не паказчык поспеху эканомікі

Нізкі курс долара яшчэ не азначае стабільнасці і багацця эканомікі / Еўрарадыё

— Мы апынаемся ў досыць трывожнай сітуацыі. У чым тут узнікае парадокс? Для многіх людзей вельмі важны паказчык эканомікі — гэта курс. Трэба дакладна разумець, што курс не самы важны і нават не адзін з самых важных эканамічных паказчыкаў. Калі вы бачыце, што курс долара падае, але пры гэтым стаіць на месцы або зніжаецца ваш заробак, калі растуць цэны, калі вы пры гэтым задумляецеся, а ці не апыняцеся вы праз месяц без працы, то долар, які падае, дадае мала пазітыву вось у такую не вельмі вясёлую карціну.

За сакавік намінальныя заробкі беларусаў выраслі амаль на 40 рублёў. Пры долары, які падае, гэта значыць, што ў доларавым выражэнні яны таксама раслі. Аднак з улікам інфляцыі рэальныя заробкі ў сярэднім скараціліся на 3,4% у параўнанні з лютым. Значыць, тавараў і паслуг беларусы могуць сабе дазволіць менш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.