Вы тут

Дэпутаты "ва ўмовах інфармацыйнай вайны" прынялі жорсткія змены ў закон аб СМІ

Дэпутаты прынялі змены ў закон аб СМІ / БЕЛТА

2 красваіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні законапраект аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі.

Прадставіў яго міністр інфармацыі Ігар Луцкі. Ён адзначыў важнасць інтэрнэту ў цяперашні час. 

"Пры гэтым далёка не заўсёды інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, служыць развіццю грамадства і дзяржавы. Інтэрнэт стаў інструментам інфармацыйных войнаў, накіраваных на разбурэнне грамадскіх асноў і маральных каштоўнасцяў, а часам і цэлых дзяржаў. Менавіта таму шэраг навацый, якія змяшчаюцца ў законапраекце, накіраваныя на рэгуляванне праваадносін у інтэрнэт-прасторы", — прыводзіць БЕЛТА словы Луцкага.

У законе прапануецца ўдакладніць патрабаванні да заснавальніка і галоўнага рэдактара СМІ, пашырыць абавязкі для рэдакцыі СМІ і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсу. У законе канкрэтызуюцца паўнамоцтвы журналіста, замацоўваюцца падставы для пазбаўлення яго акрэдытацыі. Таксама вызначаюцца выпадкі, калі невыкананне абавязкаў журналіста будзе лічыцца грубым парушэннем яго працоўных абавязкаў.

Акрамя таго, у законе плануецца пашырыць пералік забароненай інфармацыі, прыняць меры для абмежавання замежнага ўплыву на інфармацыйны рынак, скасаваўшы цяперашнюю прэферэнцыю для рэдакцый СМІ, у чыіх статутных фондах прысутнічаюць замежныя інвестыцыі, якія перавышаюць 20%.

Сярод іншых абмежавальных мераў — пашыраны пералік падстаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі СМІ, прыняцця рашэння пра абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсу або сеткавага выдання. Плануецца дазволіць генпракурору, а таксама пракурорам абласцей і Мінска зачыняць досту да сайтаў, "з дапамогай якіх распаўсюджваецца інфармацыя, накіраваная на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці, і іншая інфармацыя, здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі".

Тлумачачы гэтыя змены, намесніца старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч заявіла: "Па сутнасці, мы сёння жывем ва ўмовах інфармацыйнай вайны. І неабходна задзейнічаць увесь арсенал заканадаўчага ўздзеяння для забеспячэння дзяржаўных прыярытэтаў у развіцці нацыянальнай інфармацыйнай прасторы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.