Вы тут

Дэпутаты прынялі ў другім чытанні папраўкі ў крымінальнае заканадаўства

Палата прадстаўнікоў прыняла змены ў крымінальныя кодэксы ў другім чытанні / TUT.BY​

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", паведамляе БЕЛТА.

Гэтыя папраўкі аператыўна распрацоўваліся на пляцоўцы Адміністрацыі прэзідэнта. Стаяла задача — максімальна аператыўна ўнесці змены. Пры гэтым чыноўнікі настойвалі, што гаворка не ідзе пра лібералізацыю альбо узмацненне жорсткасці адказнасці. Намесніца кіраўніка ведамства Вольга Чупрыс, анансуючы раней змены ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, гаварыла, што карэктуецца каля 70 санкцый. У новай рэдакцыі КК, паводле яе слоў, будуць закрануты "пытанні, звязаныя з дадатковай абаронай грамадскага парадку і бяспекі": у прыватнасці, "з'явіліся некалькі новых складаў, звязаных з парушэннем заканадаўства аб СМІ".

Гаворка ідзе таксама пра крымінальную адказнасць для ўладальніка інтэрнэт-рэсурса, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, за паўторнае распаўсюджванне забароненай інфармацыі. У выпадку першага парушэння прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Акрамя таго, уводзіцца крымінальная адказнасць за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пры першых двух затрыманнях на акцыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, пры наступных — крымінальная.  

Цяпер гэты дакумент павінны разгледзець у Савеце Рэспублікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.