Дэпутат, які адмовіўся збіраць подпісы за Лукашэнку, трапіў у гродзенскую турму

Дэпутат, дырэктар і тата Георгій Дзядзюшка / Еўрарадыё
Дэпутат, дырэктар і тата Георгій Дзядзюшка / Еўрарадыё

У канцы верасня быў затрыманы Георгій Дзядзюшка, дырэктар камбікормавага завода ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна. Георгій не толькі займаў пасаду дырэктара завода, але і быў дэпутатам мясцовага савета. Прычым двойчы. Цяпер ён знаходзіцца ў гродзенскай турме.

— Ён пакуль што падазраваны. Абвінавачанні яшчэ не высунутыя. Папярэдне — артыкул 430 ч. 2 КК РБ, атрыманне хабару, — расказвае Еўрарадыё ягоная жонка Мая.

"Калі дасталі канверт, там было 3300 беларускіх рублёў"

Мая расказвае, што 24 верасня ў кабінет Георгія Дзядзюшкі зайшоў нейкі Арцём Елізаранка з ТАА "Збожжавыя традыцыі". Ён паклаў на стол Георгія файл з дакументамі. Паміж паперамі ляжаў канверт з грашыма. Мая сцвярджае, што Георгій не паспеў нават дакрануцца да гэтага файла.

Праз некалькі секундаў Дзядзюшку затрымалі.

— Было чатыры машыны, усе супрацоўнікі ў цывільным. Як толькі ён [Елізаранка. — Еўрарадыё] паклаў гэтыя дакументы, адразу следам зайшлі яны [сілавікі. — Еўрарадыё]. У мужа пры сабе было 15 рублёў. Калі дасталі канверт, там было 3300 беларускіх рублёў.

Арцём Елізаранка са "Збожжавых традыцый" не адмаўляе, што нейкім чынам датычны да канфлікту, але на нашы пытанні адказвае ўнікліва:

— Я да гэтага маю дачыненне. З гэтай сітуацыяй таксама разбіраюся.

Дачу хабару Елізаранка адмаўляе.

Депутат, отказавшийся собирать подписи за Лукашенко, попал в гродненскую тюрьму
Малодшыя сям'і Дзядзюшкаў з БЧБ-сцягам / Еўрарадыё

У самой Росі і на заводзе ходзяць чуткі, што Дзядзюшка трапіў у турму праз грамадзянскую пазіцыю: як дырэктар Георгій адмовіўся прымушаць сваіх супрацоўнікаў падпісвацца за Лукашэнку падчас перадвыбарнай кампаніі.

— Калі збіралі подпісы за Лукашэнку, прыйшла прадстаўніца адміністрацыі і сказала яму, што заўтра на завод прыедуць збіраць подпісы за дзейнага і муж павінен прымусіць людзей на прадпрыемстве, каб яны распісваліся, — працягвае Мая Дзядзюшка. — Муж адказаў: "Я нікога прымушаць не буду. Хай прыязджаюць, садзяцца на прахадную. Людзі да 8 гадзін будуць ісці на працу, хто захоча — той хай падпісвае, а я нікога прымушаць не буду".

Подпісы збіраў нейкі хлопец. Ён прасядзеў на прахадной, але ні адзін чалавек не падпісаўся, і муж таксама не падпісаўся. Потым у мужа пыталіся, маўляў, як так? На самым заняпалым прадпрыемстве — і то дзесяць подпісаў сабралі, а ў вас ні аднаго?

На прадпрыемстве ён працуе ўжо 16 гадоў. Пачынаў з механіка, інжынера, потым стаў дырэктарам. Калектыў тут невялікі — 80 чалавек, пасады намесніка дырэктара тут не было, і ў ёй як такой не мелі патрэбы. І літаральна за два тыдні да затрымання ўвялі пасаду намесніка. Калі муж прыйшоў дадому і сказаў, што ён пазнаёміўся з новым намеснікам, я сказала: "А ці не хочуць цябе прыбраць з працы за выбары і подпісы?" Мужу тады гэта дзіўным не здалося.

Депутат, отказавшийся собирать подписи за Лукашенко, попал в гродненскую тюрьму
Георгій Дзядзюшка з дзецьмі / Еўрарадыё

Мая не хавае, што сям'я наведвала мітынгі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.

— Калі прыязджала Ціханоўская, мы з мужам ездзілі на сустрэчу. Перад прыездам Ціханоўскай дэпутатаў збіралі ў Ваўкавыскім райвыканкаме. Там сказалі, што на мітынгу будуць здымаць на відэа і кожны, маўляў, вырашае сам — ісці ці не ісці. Але мы ўсё роўна былі. На мірныя мітынгі ў Ваўкавыск таксама ездзілі.

Дзе якая справядлівасць, я не разумею? Ён нічога не баяўся, ён заўсёды быў супраць гэтага бязмежжа. Увесь завод гудзе пра тое, што мужа ўзялі праз выбары і подпісы, што яго знялі на адным з мітынгаў.

Депутат, отказавшийся собирать подписи за Лукашенко, попал в гродненскую тюрьму
Георгій Дзядзюшка з сынам / Еўрарадыё

Работніца завода ў размове з Еўрарадыё кажа, што ёй цяжка ўявіць, за што на прадпрыемстве можна даваць хабар:

— Мы тут самі нічога не вырашаем. Дамовы заключаюць у Скідзелі, на галаўным прадпрыемстве. Калі ў нас ёсць дамова і наш бухгалтар бачыць, што ёсць праплата, то пакупнік проста прыязджае і бярэ. Мы гэтыя дакументы не складаем, а без іх не працуем.

Георгій — спецыяліст, які добра ведае вытворчасць, валодае ўсімі тэхналагічнымі аперацыямі. Спакойны, ураўнаважаны, не хам. Адэкватна рэагуе на ўсе праблемы. Калі патрэбна яго дапамога, то ўсё вырашаецца аператыўна.

Сказаць, як ставіцца ўвесь калектыў да Георгія, не магу — я не адказваю за ўсіх. Але магу сказаць за сваю брыгаду: калі пісалі хадайніцтва, практычна ўсе падпісаліся.

Цяпер Георгій Дзядзюшка знаходзіцца ў гродзенскай турме. Меру стрымання, нават з улікам таго, што ў яго шматдзетная сям'я і крэдыты, пакуль што не змянілі. У сям'і Дзядзюшкаў — шасцёра дзяцей, малодшаму — 10 месяцаў. У 2018 годзе яго жонка Мая была ўзнагароджана ордэнам маці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі