Вы тут

Дэпутат Мінгарсавета Вольга Цесакова просіць мінчан адклікаць яе

Вольга Цесакова / minsknews.by

Вольга Цесакова, дэпутат Мінскага гарадскога савета па Дзяржынскай акрузе №23, апублікавала відэа, у якім просіць, каб мінчане адклікалі яе датэрмінова. Усё таму, што яна не ў сілах дапамагчы нявінна пацярпелым і асуджаным падчас пратэстаў.

З-за падзей у Беларусі пасля выбарчай кампаніі Цесакова месяц таму напісала заяву аб датэрміновым складанні паўнамоцтваў, але гэтага аказалася недастаткова. Яна можа сысці толькі ў выпадку хваробы, па рашэнні суда ці шляхам адклікання, якое павінны ініцыяваць выбаршчыкі.

— У бягучых абставінах інфармацыйную павестку гвалту, здзейсненага над мірнымі грамадзянамі, немагчыма перабіць рамонтам лавачак або адкрыццём новага дзіцячага саду. Знаходзячыся ў здаровым розуме, цвярозай памяці і не пад ціскам я прызнаю сваю безгрунтоўнасць як дэпутата. Сваю няздольнасць дапамагчы ўсім нявінна пацярпелым і асуджаным падчас акцый і шэсцяў. Калі вы згодныя са мной, калі верыце, гэтак жа як і я, што 2 + 2 = 4, а не 5, то вы ведаеце, што рабіць. Жыве Беларусь, — кажа ў відэазваротах Вольга Тесакова.

Вольга Цесакова — самы малады дэпутат Мінгарсавета. Яе абралі ў лютым 2018 года, калі ёй было 23 гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.