Дэмбельскі акорд Караева: сытыя пратэстоўцы і баявыя рагаткі

Юрый Караеў
Юрый Караеў

Юрый Караеў больш не міністр унутраных спраў Беларусі. Ён прабыў на гэтай пасадзе крыху больш за год: з чэрвеня 2019-га да кастрычніка 2020-га. 29 кастрычніка ён прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці.

За дзень да адстаўкі экс-міністр з'явіўся ў эфіры "Беларусь 1" у якасці госця ток-шоу "Зразумелая палітыка плюс". Перадача была прысвечана падзеям 9–11 жніўня. Караеву дасталася роля "добрага паліцэйскага": ён расказваў пра страшныя планы пратэстоўцаў і пра тое, як сілавікі сталі ім на дарозе. І паспеў нагаварыць усякага. У інтэрнэце ўжо іранізуюць: "Дагаварыўся да адстаўкі".

Мы паглядзелі паўтарагадзінную перадачу за вас і выпісалі ўсе перлы з апошняга публічнага выступу Юрыя Караева ў якасці кіраўніка МУС.

Пра жорсткасць сілавікоў

“Да дзявятага чысла хто-небудзь можа ўспомніць пра зверствы праваахоўнікаў? Пра жорсткасць беларускіх міліцыянераў? Я вось праз дні, тыдні і месяцы спрабаваў успомніць, а дзе беларуская міліцыя сябе так праявіла да? Узяць 26-гадовую гісторыю дзяржавы і ўспомніць не магу", — напружвае сваю памяць Караеў.

Глыбока скрэбці па засеках не будзем: напрыклад, жорсткія разгоны (не)дармаедскіх пратэстаў у 2017-м. Аднак варта аддаць належнае: тады кіраўніком МУС быў Ігар Шуневіч.

Дембельский аккорд Караева: сытые протестующие и боевые рогатки
Затрыманне 80-гадовага Яна Грыба 25 сакавіка 2017-га / svaboda.org

І раз у Юрыя Хаджымуратавіча невялікія правалы ў памяці, то варта нагадаць, што гісторыя незалежнай беларускай дзяржавы вылічаецца не з 1994 года, калі Аляксандр Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам.

Пра пратэстоўцаў

"Сытыя людзі, у якіх мазгі заплылі тлушчам ад бестурботнага і спакойнага жыцця, выйшлі супраць чагосьці там папратэставаць. Не ўлічылі таго, што органы ўнутраных спраў у асноўным спакойныя і талерантныя па-за службай людзі, але мы заўсёды сур'ёзна рыхтаваліся да масавых беспарадкаў, таму што — ну гэта тое, што можа разбурыць дзяржаву".

Пра сілавікоў, якія і так не перабіраюць меры

"Ад васьмі наездаў пацярпелі 11 супрацоўнікаў МУС і вайскоўцаў унутраных войскаў. Дзякуй богу, што ніхто не загінуў, а наезды былі сур'ёзныя — мы гэта бачылі. Я не ўяўляю, што было б, калі б усё ж такі хто з супрацоўнікаў загінуў. Хто б утрымаў астатніх ад далейшай эскалацыі жорсткасці і лютасці? І тады тыя, хто гэта б не зразумелі, ужо ляжалі б, як кажуць, у зямлі".

Пра фэйкі

Юрый Караеў, адказваючы на пытанне вядучых пра фэйкі, успомніў нашумелую гісторыю пра хлопца Цімура.

"Як вось гэты вось Цімур Насімавіч Мацкевіч. Ці Міцкевіч? Не памятаю ўжо. Які спачатку быў зніклым без вестак, потым згвалчаным, потым праз два дні пасля найцяжэйшай нібыта траўмы з разрывам прамой кішкі раптам знік з бальніцы..." — расказаў Караеў.

Праўда, дзе былы кіраўнік МУС прачытаў фэйк пра згвалтаванне Цімура, незразумела. Незалежныя СМІ пісалі пра яго жорсткае збіццё сілавікамі, у выніку якога ён трапіў у кому.

Пра новую "суперзброю" пратэстоўцаў

Мабыць, галоўны суперхіт кіраўніка МУС, які адыходзіць, — заява пра баявыя рагаткі:

"Каб вы ўсе разумелі: балты і гайкі — гэта тое, чым збіраліся страляць з баявых рагатак. Дарэчы, адзін з байцоў уладкаваўся на МАЗ за год да падзей і на сваім рабочым месцы рабіў баявыя рагаткі. Натуральна, ГУБАЗ яго вылічыў і ўзяў яго з усім арсеналам".

Пра сілавікоў, якія ўварваліся ў кватэру: "Усё на законных падставах"

Вядучыя ўспомнілі ў праграме і пра скандальнае відэа пасля акцыі 25 кастрычніка: сілавікі ўварваліся ў кватэру і брутальна затрымлівалі пратэстоўцаў, якіх там паспрабавалі схаваць гаспадары жылля.

"Сапраўды, той зараджаны на бойку натоўп, які ішоў у першай шарэнзе, які станавіўся ў счэпцы (бачылі тых п'яных, якія заклікалі грудзьмі на калючы дрот кідацца і АМАП, — кадр абышоў усе тэлеграм-каналы), у рэшце рэшт, не дабіўшыся сутыкнення і пайшоўшы з вуліцы Арлоўскай назад у спальны раён, убачылі на дарозе Цэнтральны РУУС і некалькі машын органаў унутраных спраў і сталі закідваць іх камянямі. Калі да іх ужылі спецсродкі — усяго толькі святлошумавыя гранаты, каб адагнаць іх і захапіць тых, хто гэта рабіў (гэта злачынцы), яны, прыкладна 30 чалавек, забеглі — у адзін дом".

Вось так: супраць пратэстоўцаў ужываліся "ўсяго толькі" святлошумавыя гранаты.

 

"Вось гэтыя кадры, якія былі распаўсюджаныя, дзе нашы ўваходзяць у кватэру, былі пададзеныя як "заход у прыватнае жыллё", "парушэнне чагосьці там — прыватнай уласнасці". Хачу нагадаць, што, па-першае, па законе аб органах унутраных спраў, супрацоўнік міліцыі мае права ўваходзіць у памяшканне, калі мае дастатковую падставу, што там хаваецца злачынец, чалавек, які здзяйсняе злачынства. Так што ўсё на законных падставах. Па-другое, адкуль мы ведаем, ці яны ўвайшлі ў кватэры сваіх прыхільнікаў, загадзя нарыхтаваныя, ці проста ўварваліся ў кватэры добрапрыстойных грамадзян, якія ні сном ні духам? Мы гэта павінны спыняць".

Нагадаем, што спыняў гэтыя дзеянні супрацоўнік без апазнавальных знакаў "з болем або без болю" — ён сам абвясціў пра гэта.

На пасадзе кіраўніка МУС Юрыя Караева змяніў ужо былы кіраўнік міліцыі Іван Кубракоў. Той самы, які ў эфіры АНТ сцвярджаў, што "ўсе органы ўнутраных спраў, уся мінская міліцыя супраць гвалту". Цалкам магчыма, што беларусам рана развітвацца са звычкай выслухоўваць дзіўныя заявы ад міністра ўнутраных спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі