Дэкан гомельскага ўніверсітэта адмовіўся караць студэнтаў за акцыі

Дэкан гомельскага ўніверсітэта адмовіўся караць студэнтаў за акцыі

Дэкан аднаго з факультэтаў Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Паўла Сухога застаўся без пасады, бо адмовіўся караць студэнтаў за ўдзел у акцыях. 

Як піша TUT.by, гаворка ідзе пра кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта Уладзіміра Лук'яненку. У гомельскай ВНУ ён працуе амаль 10 гадоў. Шэсць з іх быў намеснікам дэкана факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм. Сем месяцаў таму стаў дэканам, а ў мінулы панядзелак страціў гэтую пасаду.

Па словах Лук'яненкі, ва ўніверсітэт прыйшоў ліст ад уладаў з просьбай правесці прафілактычную работу са студэнтамі і выкладчыкамі, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 23.34 КаАП. Да ліста дадалі два спісы — з прозвішчамі сямі студэнтаў і магістрантаў ды з прозвішчамі супрацоўнікаў і выкладчыкаў. 

Чацвёра фігурантаў студэнцкага спісу вучацца на факультэце, якім кіраваў Лук'яненка. Яго папрасілі вынесці студэнтам са спісу заўвагу або вымову, але дэкан адмовіўся.

"Згодна з дзеючымі ва ўніверсітэце Правіламі ўнутранага распарадку для навучэнцаў, дысцыплінарнае спагнанне могуць вынесці і за адзін прапушчаны без паважных прычын навучальны занятак. Гэта значыць, механізм можа быць такі: цяпер — заўвага, потым за любы прагул — вымова, а далей ужо адлічэнне", — кажа экс-дэкан. 

У мінулы панядзелак Лук'яненку зноў выклікалі да рэктара і нагадалі пра пакаранне для студэнтаў. Але ён зноў адмовіўся і заявіў, што лічыць указанне незаконным.

У гэты ж дзень Лук'яненка напісаў заяву, у якой папрасіў перавесці яго на пасаду дацэнта кафедры.

Экс-дэкан кажа, што не шкадуе пра сваё рашэнне. Па яго словах, немагчыма рабіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца: "Як можна рабіць выгляд, што нічога не адбылося, што нікога не збівалі, нікога не катавалі, ніхто не загінуў, ніхто не скраў у людзей іх галасы? Адразу пасля выбараў мы абмяркоўвалі з жонкай, што ёсць рэчы, якія я дакладна не стану рабіць, нават калі ад гэтага будзе залежаць, застануся я працаваць ці не. У нас растуць дзеці, як ім далей глядзець у вочы, што ім казаць, калі яны будуць пытацца пра гэта няпросты час?"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі