Давыдзька пра ліст з прапановай звольніць Лукашэнку: "Я гэтага не рабіў"

Генадзь Давыдзька / з архіву Еўрарадыё​
Генадзь Давыдзька / з архіву Еўрарадыё​

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька сцвярджае, што не пісаў ліста з прапановай датэрмінова вызваліць Аляксандра Лукашэнку ад пасады.

"Хтосьці ўзламаў маю пошту і ад майго імені рассылае гэтыя дурныя лісты", сказаў Давыдзька парталу TUT.BY, калі журналісты да яго нарэшце датэлефанаваліся.

Раніцай у сераду шэраг незалежных СМІ атрымаў на электронную пошту ліст за подпісам Давыдзькі, у якім аўтар паведамляў, што "як дэпутат і грамадзянін Рэспублікі Беларусь" ён больш не можа "спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў краіне". У сувязі з гэтым ён прызнаўся, што больш не можа падтрымліваць кіраўніка дзяржавы, і заклікаў "калегаў па Палаце прадстаўнікоў разам датэрмінова вызваліць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку ад пасады". 

У лісце таксама гаварылася, што Давыдзька ініцыяваў стварэнне спецыяльнай камісіі, якая павінная зрабіць "заключэнне аб стойкай няздольнасці Аляксандра Лукашэнкі выконваць абавязкі прэзідэнта". Акрамя таго паведамлялася, што дэпутат звярнуўся ў Следчы каметыт з просьбай прадставіць матэрыялы аб парушэнні Лукашэнкам законаў і аб перавышэнні паўнамоцтваў сілавікамі.

Давыдько о письме с предложением уволить Лукашенко: "Я этого не делал"
Дакумент, які прыйшоў на пошту шэрагу незалежных СМІ / TUT.BY

Давыдзька настойвае, што ліста ён не пісаў і ў СК не звяртаўся — сказаў, што "вядома, я гэтага не рабіў".

Фэйкам і абсурдам назвалі зварот з прапановай датэрмінова вызваліць Лукашэнку ад пасады і ў Палаце прадстаўнікоў.

"Ніякай камісіі няма", — сказалі там.

Паводле Канстытуцыі, парламент можа датэрмінова вызваліць прэзідэнта ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы. Для прыняцця такога рашэння трэба, каб за яго прагаласавалі не менш як дзве траціны галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і не менш за дзве траціны галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Для ўнясення пытання ў парадак таксама трэба заключэння спецыяльна створанай абедзвюма палатамі камісіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі