Даверу не пабольшала, пэўнасці таксама: Нацбанк пакінуў СР як ёсць

17 лютага Нацбанк не змог вырашыць, як быць са стаўкай рэфінансавання / Еўрарадыё
17 лютага Нацбанк не змог вырашыць, як быць са стаўкай рэфінансавання / Еўрарадыё

Нацыянальны банк Беларусі трэці месяц захоўвае стаўку рэфінансавання на ўзроўні 7,75% гадавых. Таксама для ўзмацнення кантролю за прыростам грашовай масы і абмежавання інфляцыі Нацбанк працягне заціскаць камерцыйным банкам ліквіднасць. Інакш кажучы, адмаўляецца крэдытаваць іх пад стаўку рэфінансавання.

— Падтрымка ліквіднасці банкаў будзе ажыццяўляцца шляхам правядзення крэдытных аўкцыёнаў, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Пасяджэнні Нацбанка, прысвечаныя зменам у грашова-крэдытнай палітыцы, праходзілі па загадзя вызначаным графіку. 12 сакавіка рэгулятар адмяніў гэты графік. З гэтага часу ён будзе разглядаць змены стаўкі рэфінансавання і ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў па меры неабходнасці.

На думку акадэмічнага дырэктара BEROC Кацярыны Барнуковай, цяпер складана прыдумаць добрае рашэнне.

У звычайнай сітуацыі Нацбанк можа ўплываць на інфляцыю, якая расце, з дапамогай стаўкі рэфінансавання. Калі стаўка зніжаецца і крэдыты становяцца таннейшымі, то растуць цэны, таму што людзі гатовыя траціць грошы. Пры павелічэнні стаўкі, адпаведна, можна стрымаць рост цэн за кошт сціскання попыту.

— Праблема ў тым, што гэты механізм цяпер не працуе. Нацбанк не дае камерцыйным банкам крэдыты па стаўцы рэфінансавання, — кажа Кацярына Барнукова. — Павелічэнне стаўкі не прывяло б да змены дынамікі на рынку новых крэдытаў. Проста падаражэла б абслугоўванне старых. І не вельмі зразумела, наколькі гэта дапамагло б змагацца з інфляцыяй. Але што здзіўляе: інфляцыя дасягае рэкордных за апошні час значэнняў і пры гэтым Нацбанк фактычна кажа: "А я нічога з гэтай нагоды рабіць не буду".

 

Незразумела, які сігнал Нацбанк пасылае рынку

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што Нацбанк не растлумачыў, чаму прынята менавіта такое рашэнне.

— Нацбанк будзе працягваць кантраляваць грашовы рынак праз зацісканне ліквіднасці. Але нават не пазначана, ці будзе яно, напрыклад, мацнейшым. Думаю, сённяшняе рашэнне павялічыла няпэўнасць для ўсіх. Атрымліваецца, што Нацбанк нічога не робіць. Такое ўражанне, што ён кажа: "Мы будзем клапаціцца пра ліквіднасць, але абсалютна незразумела, які сігнал мы пры гэтым хочам паслаць рынку".

Улічваючы, што няпэўнасці ў эканоміцы і так шмат, маўчанне Нацбанка ўмацуе зніжэнне інвестыцыйных настрояў.

— Таму што ніхто не ведае, што будзе. Напрыклад, ці будзе зніжэнне інфляцыі. Ці спадзяецца Нацбанк на тое, што адміністрацыйныя ўрадавыя захады працуюць? Або на што ідзе разлік? Няпэўнасць будзе на ўсіх ціснуць. Для насельніцтва гэта значыць, што людзі будуць не вельмі добра разумець, ці варта ім трымаць дэпазіты ў беларускіх рублях. Гэта значыць, ні даверу, ні пэўнасці ад гэтага не пабольшала.

Пакуль рублёвыя дэпазіты патроху растуць. На 1 сакавіка іх было 4 мільярды 649 мільёнаў рублёў. Гэта на 116,4 мільёна рублёў больш, чым у пачатку года.

Але валютныя ўклады людзі лічаць за лепшае забіраць. На 1 сакавіка іх было 4 мільярды 530,9 мільёна долараў, што на 108,8 мільёна долараў менш, чым 1 студзеня 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі