Вы тут
Давер да ўладаў Беларусі вырас: спрацавала "абы не было вайны"?

Выглядае на тое, што запускі ракет па Украіне з беларускай тэрыторыі многімі яшчэ не лічацца ўдзелам у вайне / Мінабароны
Вайна ва Украіне дазволіла ўладам падняць давер да сябе за кошт нейтральных беларусаў. Аднак раскол у грамадстве павялічыўся, расказаў сацыёлаг Філіп Біканаў у часе прэзентацыі справаздачы "Беларускі трэкер перамен".
Такія вынікі параўнання апытанняў гарадскіх жыхароў Беларусі ў кастрычніку 2021 года (1500 чалавек) і ў траўні 2022 года (1024 чалавекі). Апытанні праводзіліся анлайн.
Старонка перагортваецца?
Сацыёлагі падзялілі беларусаў на чатыры групы ў залежнасці ад таго, наколькі яны давяраюць, напрыклад, міліцыі ці палітвязням. Так выйшлі наступныя сегменты: заўзятыя прыхільнікі ўлады, схільныя давяраць, схільныя не давяраць і заўзятыя праціўнікі.
Тут грамадства падзялілася практычна напалову, а давер да ўлады моцна вырас з кастрычніка 2021 года да траўня 2022-га. Тых, хто схільны давяраць уладзе, або заўзятых яе прыхільнікаў аказалася 48% у траўні 2022 года, хоць у кастрычніку 2021 года было 38%.

— Сярод заўзятых праціўнікаў значна больш мужчын, больш адукаваных, прадстаўнікі сегмента часцей пражываюць у Мінску і маюць больш высокі даход. Сярод прадстаўнікоў заўзятых прыхільнікаў, наадварот, больш жанчын. Заўзятыя прыхільнікі менш адукаваныя, маюць даход ніжэй сярэдняга, — адзначаецца ў справаздачы экспертаў.
"Магло быць і горш": адкуль узяўся рост папулярнасці ўлады
Прыхільнікі і праціўнікі ўлады ацэньваюць сітуацыю ў краіне зусім па-рознаму. Гэта сацыёлагі высветлілі з дапамогай Індэкса сацыяльных настрояў. Ён адлюстроўвае грамадскія, палітычныя і эканамічныя перажыванні беларусаў. Індэкс вар'іруецца ад 0 да 200. Калі паказчык меншы за 100, то настроі адмоўныя.
Індэкс разбіваецца на Індэкс бягучага становішча сям'і, Індэкс дабрабыту краіны, Індэкс чаканняў і Індэкс ацэнкі ўлады.
— У параўнанні з кастрычнікам 2021 года мы бачым рост усіх індэксаў, акрамя Індэкса сям'і. Гэта азначае, што становішча ўласнай сям'і ацэньваецца горш, а беларусы адчуваюць уплыў эканамічнага крызісу на матэрыяльнае становішча сваіх сем'яў (больш за 40% заявілі пра пагаршэнне дабрабыту).

У прыхільнікаў улады і тых, хто ёй давярае, усе індэксы аказаліся вышэйшыя за 150 балаў. У заўзятых праціўнікаў улады значэнні індэксаў зусім маленькія. Індэкс улады і Індэкс дабрабыту краіны меншы за 15%. Індэкс сям'і — 74 балы за кошт таго, што ў праціўнікаў улады часта больш высокія даходы.
Аднак калі разглядаць чатыры групы разам, то значэнні амаль усіх індэксаў павялічыліся. Збольшага гэта і тлумачыць рост даверу да ўлады, лічаць сацыёлагі.

Адкуль жа ўзяліся людзі, якія сталі лепш ацэньваць свой стан? За кошт "нейтралаў", лічаць эксперты. Паводле звестак Chatham House, прыкладна пятая частка беларусаў нейтральна ставіцца і да ўлады, і да апазіцыі. Для іх вайна — падстава даверыцца рыторыцы ўладаў пра "астравок стабільнасці".

Вайна ва Украіне стала дадатковым фактарам расколу ў беларускім грамадстве пасля жніўня 2020 года.
— З пункту гледжання ўзаемнага непрымання сацыяльных груп можна вылучыць тры групы, у якіх назіраецца найбольш моцны раскол.
Заўзятыя праціўнікі ўлады сталі недалюбліваць рускіх, як і заўзятыя прыхільнікі — украінцаў і палякаў. Па традыцыі могуць лёгка ідэнтыфікаваць і не прымаюць адно аднаго перакананыя прыхільнікі і праціўнікі Лукашэнкі. Апошняя група — тыя, хто ўхваляе і не ўхваляе дзеянні Расіі ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.