"Дата генератар": 18–29 снежня 1917 года — Першы Усебеларускі з’езд

"Дата генератар": 18–29 снежня 1917 года — Першы Усебеларускі з’езд

З 18 да 29 (па новым стылі) снежня 1917 года ў будынку Мінскага гарадскога тэатра працаваў Усебеларускі з’езд. Яго склікалі Вялікая Беларуская Рада (старшыня Вячаслаў Адамовіч) і Беларускі абласны камітэт ад Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў (старшыня Яўсей Канчар). 

Дэлегатам трэба было вырашыць: што рабіць жыхарам беларускіх губерняў ва ўмовах пачатага распаду расійскай дзяржавы і пагрозы страты заходняй часткі краіны, акупаванай германскімі войскамі. 

З’езд працаваў два тыдні. На яго прыехалі 1872 дэлегаты ад Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, Смаленскай губерняў, а таксама ад беларускіх паветаў Ковенскай, Віленскай і Бранскай губерняў. Гэта былі прадстаўнікі земстваў, палітычных партый, грамадскіх арганізацый, дэпутаты Усерасійскага Устаноўчага сходу, абраныя ад названых губерняў і паветаў на выбарах за два тыдні перад з’ездам. Большасць дэлегатаў былі настаўнікамі, павятовымі ды губернскімі службоўцамі, вайскоўцамі.

 

Старшынёй з’езда абралі спачатку Сымона Рак-Міхайлоўскага, а 27 снежня — кіраўніка Беларускай Вайсковай Рады Янку Сераду.

Падчас працы дэлегаты стварылі тры фракцыі: 1) сацыялістычны блок з сябраў БСГ і народнікаў; 2) левую фракцыю (з левых эсэраў і бальшавікоў); 3) “абласнікоў” (з правых эсэраў, меншавікоў, народных сацыялістаў).

Першыя дзве фракцыі хацелі абвясціць Беларусь аўтаномнай рэспублікай у складзе Расійскай федэрацыі народаў і краёў, трэцяя лічыла гэтую прапанову занадта радыкальнай. У рэшце рэшт зацвердзілі кампрамісную рэзалюцыю (на рускай мове):

“Закрепляя свое право на самоопределение, провозглашённое российской революцией и утверждая республиканский демократический строй в пределах Белорусской земли, для спасения родного края и ограждения его от раздела и отторжения от Российской Демократичной Федеративной Республики, 1-й Всебелорусский Съезд постановляет: немедленно образовать из своего состава орган краевой власти в лице всебелорусского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов, который временно становится во главе управления краем, вступая в деловые сношения с центральной властью, ответственной перед советом рабочих солдатских и крестьянских депутатов России”.

Аднак гэта не адпавядала планам кіраўніцтва партыі бальшавікоў, якое ўжо вяло перамовы з дзяржавамі Цэнтральнага блоку аб сепаратнай мірнай дамове. Кошт яе быў наступны: аддаць немцам і аўстрыйцам усю акупаваную імі тэрыторыю Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі. Пра тое, што Цэнтральны блок атрымае паразу, яшчэ ніхто не ведаў — наперадзе былі дзесяць месяцаў вайны!

Таму з Петраграда прыйшоў сакрэтны загад СНК Заходняй вобласці і Заходняга фронту Расіі: разагнаць з’езд. І ўночы з 29 на 30 снежня (па ст. стылі з 17 на 18) будынак тэатра акружылі салдаты Першага мінскага пяхотнага палка. У залу пасяджэнняў увайшлі камісар унутраных спраў Заходняй вобласці РСФСР Людвіг Рэзаўскі і начальнік мінскага гарнізону Міхаіл Крывашэін. Яны паведамілі пра роспуск з’езда. У залу ўварваліся ўзброеныя салдаты на чале з прапаршчыкам Рамнёвым і арыштавалі прэзідыум. Дэлегаты з’езда вмушаны былі пакінуць будынак тэатра.

Аднак з’езд ужо абраў сваю Раду, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік ад розных палітычных партый. Гэта Рада і яе Выканаўчы камітэт працягнулі дзейнасць у падполлі і 25 сакавіка 1918 года абвясцілі БНР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі