Вы тут

"Дата генератар": 13 студзеня 1593 года — памёр Сымон Будны

.

Што гэта быў за чалавек? Чаму мы яго сёння ўспамінаем?  

Калі паглядзець у энцыклапедыях, дык даведаемся, што ён быў ідэолагам Рэфармацыі і Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. А перш за ўсё — рэлігійным дзеячам (прапаведнікам, выкладчыкам, арганізатарам, друкаром). Бо ўсё ягонае жыццё было шчыльна звязанае з рэлігіяй.

Але нам сёння не тое што цяжка, а зусім немагчыма ўявіць, чым было веравызнанне ў часы Буднага і яшчэ тры стагоддзі пасля яго. У сучасным заходнім грамадстве (таксама і на Беларусі) бальшыню людзей нельга лічыць вернікамі. Бо хоць яны наведваюць цэрквы і касцёлы, аднак у іх сэрцах няма Бога!

Замест веры ў Бога — вера ў чарадзейства, сурокі, амулеты і абярэгі. Адным словам, самае дзікае паганства!  

Вось падумайце:

1. Ці наведваюць так званыя вернікі храм божы кожную нядзелю, каб паслухаць казанне святара, каб шчыра сказаць Богу “дзякуй” за тое, што жывеш з ягонай ласкі?

2. Ці спавядаюцца і прычашчаюцца 12 разоў на год?

3. Ці выконваюць хоць бы галоўныя пасты?

4. Ці ахвяруюць храму хоць 2–3% сваіх даходаў?

Як вядома, нічога з гэтага бальшыня не робіць.

Я ўжо не кажу пра дзесяць запаведзяў, бо хоць адзін з іх людзі парушаюць кожны дзень.

Адсюль выснова: рэлігія сёння — гэта культурная традыцыя і нічога больш.  

А ў часы Буднага чалавека ўспрымалі перш за ўсё праз ягонае веравызнанне: хто ён — праваслаўны, каталік, пратэстант, іўдзей, мусульманін, паганец? І які ён вернік — добрасумленны ці не? А можа (не дай божа!), еретык? І колькі адбылося грамадзянскіх і міждзяржаўных войнаў на падставе рэлігіі!

У 1572 годзе, калі Буднаму было 42 гады, у Францыі каталіцкія фанатыкі здзейснілі жудаснае злачынства: уночы з 23 на 24 жніўня, напярэдадні дня святога Барталамея, забілі ў Парыжы каля 2 тысяч пратэстантаў (гугенотаў) — дарослых і дзетак, мужчын і жанчын. І распачаліся так званыя Гугеноцкія войны, якія цягнуліся з перапынкамі ажно 70 гадоў! А прыгадаць 30-гадовую вайну (1618–1648) паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі краінамі Еўропы, што спустошыла землі ад Балтыкі да Альпаў?

Сымон, сын шляхціча з фальварка Буды на Падляшшы, скончыў Кракаўскі і Базельскі ўніверсітэты, авалодаў, акрамя польскай і старабеларускай моў, яшчэ лацінай, нямецкай, грэцкай, царкоўнаславянскай і старажытнагабрэйскай. Ён добра ведаў класічныя творы мысляроў старажытнасці і сучаснасці. Меў прыгожы літаратурны стыль, складаў вершы на розных мовах!

У студзені 1558 года, ва ўзросце 28 гадоў, вярнуўшыся з Базеля, пачаў працу ў Вільні выкладчыкам катэхізіса ў кальвінскім зборы. Тлумачыў вернікам сутнасць кальвінскага варыянта хрысціянства, праславіўся як палымянны прапаведнік і палеміст.  

А Жан Кальвін замяніў святароў выкладчыкамі хрысціянскай навукі (нават жанчыны выкладалі), адмовіўся ад званоў і свечак, ад пакланення абразам і мошчам святых, ад усіх малітваў, акрамя “Ойча наш”, ад царкоўнай службы на лацінскай мове, незразумелай для простых людзей. І яшчэ ўсе былі цяпер павінны самі чытаць Біблію на роднай мове і разважаць над яе зместам!

Кальвіністы адстойвалі ідэі сацыяльнай роўнасці і свабоды слова, асуджалі тыранію, анархізм і камунізм. Яны прапаведвалі, што кожны чалавек сам каваль уласнага шчасця. Адсюль іхны знакаміты лозунг: “Бог дапамагае толькі тым, хто сам стараецца з усёй сваёй моцы!”. Будны дадаў да яго патрабаванне заўсёды кіравацца ў жыцці прынцыпам “залатой сярэдзіны”.

Калі ведаеш усё гэта, не здзіўляе тое, што ўсе творы Буднага, выданыя за 30 гадоў творчай дзейнасці, — рэлігійныя. Галоўныя сярод іх наступныя: “Катэхізіс” і “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (Нясвіж, 1562), “Аб галоўных артыкулах хрысціянскай веры” (Лоск, 1576), “Аб свецкай уладзе” (Лоск, 1583), пераклады Новага Запавету (1570, 1572, 1574) на старабеларускую (першы) і на польскую (2-і і 3-і) мовы.

Вельмі шырокі розгалас атрымаў трэці пераклад. Бо ў прадмове да яго, у заўвагах і каментарах да тэксту С. Будны зрабіў першую на свеце спробу радыкальнай крытыкі Евангелляў з пункту гледжання рацыяналізму. Сам ён у 1563 годзе перайшоў з кальвінізму ў так званае арыянства (або антытрынітарызм). Гэта значыць, адмовіўся ад веры ў Святую Тройцу (Бог-айцец, ён жа Бог-сын, ён жа Бог-дух). Арыяне казалі, что пан Езус Хрыстус быў звычайны чалавек, на якога сышоў Святы Дух.  

А калі тое здарылася з чалавекам па імені Езус, то і кожны іншы можа размаўляць з Богам сам-насам праз шчырую веру у яго. “Людзі, — заклікаў Сымон, — жывіце ўласным розумам, а калі што-небудзь не разумееце, шукайце адказы ў Святых Кнігах!” Для тых часоў гэта была сапраўдная рэвалюцыя або жудасная ерась з пункту гледжання і каталіцтва, і праваслаўя!

Будны сцвярджаў, што чалавек складаецца з грэшнага цела, якое існуе часова, і вечнай душы, непадуладнай часу. Таму ён заклікаў, каб кожны чалавек заўжды памятаў пра надыход суднага дня, усе свае ўчынкі ўзгадняў з запаведзямі Майсея і Хрыстуса, ні пры якіх акалічнасцях не губляў надзеі, не бавіў час у адчаі і роспачы. Моцная вера і добрыя справы — галоўныя ўмовы набыцця Царства Нябеснага і жыцця вечнага.

А галоўнае месца ў грамадстве, паводле Буднага, павінны займаць настаўнікі і пастыры. І кожны сябра збору можа быць духоўным настаўнікам, калі адчувае сваю здольнасць выконваць гэтую місію. 

Усё жыццё Буднага пасля вяртання з Еўропы прайшло на Беларусі. У Вільні (1568–1559), Клецку і Нясвіжы (1560–1565), на Віцебшчыне (1565–1569), ізноў у Нясвіжы (1570–1571), Заслаўі (1571–1573), Лоску (1573–1583), Іўі (1583–1588), Вішневе (1588–1592).

У Нясвіжы ў 1982 годзе ўсталявалі помнік С. Буднаму, які стварыла Святлана Гарбунова. Помнік стаіць непадалёк ад таго месца, дзе знаходзілася заснаваная ім друкарня. У руках Сымон трымае кнігу з эмблемай сонца — сімвалам ведаў і мудрасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.