"Дата генератар": 4 снежня 1430 года — Свідрыгайла абраны вялікім князем

"Дата генератар": 4 снежня 1430 года  — Свідрыгайла абраны вялікім князем

Свідрыгайла (ён жа Леў і Баляслаў) — сын Альгерда, малодшы брат Ягайлы.

З 22 да 60 гадоў (з 1392 да 1430 гг.) ён то змагаўся супраць Вітаўта, то мірыўся з ім (у 1394, 1400, 1407 гадах), а дзевяць гадоў (1409–1418) быў вязнем у Камянцы.

Пасля смерці Вітаўта па ўмовах Гарадзельскай уніі 1413 года паны і баяры ВКЛ мусілі абраць новага вялікага князя са згоды Ягайлы і польскіх паноў. Але яны 4 снежня на сойме абралі без узгаднення 60-гадовага Свідрыгайлу. Ягайла быў вымушаны пагадзіцца.

А Свідрыгайла быў супраціўнікам уніі з Польшчай і не хаваў гэтага. Не дзіўна, што з самага пачатку яго гаспадарства пачаўся канфлікт з Польшчай за Падолле: польскія войскі захапілі памежныя замкі. У адказ Свідрыгайла загадаў арыштаваць Ягайлу, які знаходзіўся ў Вільні, і адпусціў яго толькі пасля абяцання вярнуць усе замкі. 

У чэрвені 1431 года Свідрыгайла падпісаў дамову з Тэўтонскім ордэнам аб хаўрусе супраць Польшчы, яму абяцалі дапамогу крымскія татары, гаспадар Малдавіі, Вялікі Ноўгарад і нават чэшскія табарыты. Гэтая дыпламатыя прынесла плён. 1 верасня 1431 года прадстаўнікі Ягайлы падпісалі перамір’е са Свідрыгайлам на два гады, прызналі яго вялікім князем і уладаром усіх зямель ВКЛ.

Але вясной 1432-га польскія паны паспрабавалі навязаць Свідрыгайлу новую унію з Польшчай. У адказ ён цалкам адмовіўся ад саюзных адносін з Польшчай і наўзамен пацвердзіў хаўрус з Тэўтонскім ордэнам. Тады яго ворагі з ліку “прапольскай” групоўкі склалі змову. Уночы на 1 верасня 1432 года ў Ашмянах князі Жыгімонт Кейстутавіч (каталік) і Сямён Гальшанскі (праваслаўны) зрабілі замах на Свідрыгайлу. Але ён уцёк у Полацк.

Адразу пасля няўдалага замаху змоўнікі абвясцілі вялікім князем малодшага брата Вітаўта — 67-гадовага Жыгімонта Кейстутавіча. Яго ўладу прызналі Жамойць, Віленшчына, Падляшша, Берасцейская, Новагародская і Мінская землі. Русь — Полацкая, Віцебская, Смаленская землі, Севершчына, Кіеўшчына і Валынь — не прызнала Жыгімонта.

Жыгімонт падпісаў у Гародні дамову, у якой пацвердзіў умовы Віленска-Радамскай уніі 1401 года. Тым самым ён абмежаваў самастойнасць ВКЛ часам свайго жыцця. Ягайла прыслаў на дапамогу Жыгімонту польскае войска. Пачалася 7-гадовая грамадзянская вайна паміж дзвюма княжацка-баярскімі групоўкамі за ўладу. Адна жадала ўніі з Польшчай, другая — поўнай незалежнасці. 

З восені 1432 да траўня 1435 года (3 гады!) узброеная барацьба не давала перавагі ні той, ні другой групоўцы. Свідрыгайла меў больш ваяроў, аднак быў дрэнны стратэг. Да таго ж у канцы 1433-га ён страціў хаўрус з Тэўтонскім ордэнам, які атрымаў паразу ад палякаў і выракся Свідрыгайлы.

Але Свідрыгайла яшчэ меў даволі шмат прыхільнікаў. У рэшце рэшт ён вырашыў даць супраціўнікам генеральную бітву і ў ліпені 1435-га разам з войскам Лівонскага ордэна рушыў на Вільню. Аднак у бітве пад Вількамірам на беразе ракі Святой 1 верасня 1435 года войска Свідрыгайлы ў выніку яго няўдалых манеўраў было разбітае ўшчэнт. З 50 князёў у ім 13 загінулі, 34 трапілі ў палон. Вялікія страты панеслі лівонцы, загінуў магістр Франц Кірскоф. Свідрыгайла з 30 баярамі ледзь уцёк у Полацк. Пасля гэтага ў тым жа годзе ўладу Жыгімонта прызнаў Смаленск, а ўлетку наступнага года яго прызналі Полацк і Віцебск.

Нейкі час Свідрыгайла яшчэ знаходзіў падтрымку на Кіеўшчыне, Севершчыне і Валыні, але пасля ўцёк у Валахію. Увесну 1440-га пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча “незалежнікамі” ён з’явіўся на Валыні і называў сябе вялікім князем Літвы. Аднак рада князёў і паноў ВКЛ 29 чэрвеня 1440 года абвясціла вялікім князем 13-гадовага Казіміра Ягайлавіча — ізноў жа без узгаднення з польскімі панамі. А Свідрыгайла астатнія 12 гадоў жыцця ўладарыў на Валыні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі