Вы тут

"Дата генератар": 28 сакавіка 1985 года — у Францыі памёр Марк Шагал

.

На самай справе Марк Шагал мастак не беларускі і не французскі, а габрэйскі. Нарадзіўся на Беларусі, а большую частку жыцця (64 гады з 98) жыў і працаваў у Францыі (1911–1914, 1923–1941, 1947–1985). Калі дадаць сем гадоў у Пецярбургу (1906–1911, 1915–1917), два ў Маскве (1920–1922), год у Берліне (1922–1923), шэсць гадоў у ЗША (1941–1946), на Беларусь застаецца толькі дзяцінства з юнацтвам і два гады ў рэвалюцыйным Віцебску. Менавіта ў Францыі ён атрымаў спачатку вядомасць, а пасля Другой сусветнай вайны і сусветную славу.

І ўсе майстры так званай Парыжскай школы мелі такое паходжанне і такі лёс. Яны прыехалі ў Парыж або з Беларусі, або з Заходняй Украіны, або з Бесарабіі маладымі і там дамагліся прызнання. З Беларусі: скульптар Восіп Цадкін у 1909-м, мастакі Пінхус Крэмень і Міхаіл Кікоін у 1912-м, Хаім Суцін у 1913-м, Марк Шагал, Шрага Царфін і Восіп Любіч у 1923-м. 

Назву Ecole de Paris (Парыжская школа) даў ім у 1925 годзе французскі крытык Андрэ Варно. Трэба дадаць: школа габрэйскіх выхадцаў з Расійскай Імперыі.

І не Марк ён і не Шагал, а Моўша Сегал. Нарадзіўся ў Лёзне ў сям'і крамніка Хацкеля Сегала і быў старэйшым сярод дзевяці дзяцей. Атрымаў звычайную для тагачасных габрэйскіх дзетак адукацыю ў хедары: іўрыт, Тора і Талмуд. Але ў яго прачнулася жаданне маляваць. І ў 19 гадоў ён пайшоў вучнем да віцебскага мастака Юдаля Пэна. Той зразумеў, што хлопец таленавіты, і параіў ехаць у Пецярбург, каб вучыцца ў сапраўдных майстроў.

Але ад гэтага першага свайго настаўніка Моўша Сегал успрыняў ідэю, якая стала для яго галоўнай ў далейшым жыцці. Юдаль Пэн сцвярджаў, што ў творчасці мастака-габрэя павінна выяўляцца яго нацыянальнасць і іўдзейская вера. Вось чаму ўсе мастацкія прыёмы Шагала заснаваны на візуалізацыі вобразаў габрэйскай Бібліі, габрэйскіх народных прымавак і фальклору. Менавіта таму ён уносіў габрэйскія матывы і ў хрысціянскія сюжэты, што выклікала і выклікае пратэсты ў шмат якіх вернікаў і святароў.

І сам ён пазней прызнаў, што асноўным кіраўнічым элементам яго творчасці было нацыянальнае габрэйскае самаадчуванне, непарыўна злучанае з веравызнаннем. Вось цытата з яго нарыса: “Калі б я не быў габрэем, як я гэта разумею, я не быў бы мастаком ці быў бы зусім іншым мастаком”.

Паслухаўшы Пэна, Сегал паехаў у Пецярбург. Там тры гады (1906–1909) ён займаўся ў школе малюнка Таварыства заахвочвання мастацтваў пад кіраўніцтвам Мікалая Рэрыха, потым два гады ў школе Алены Званцавай (1909–1911) у Лявона Бакста (таксама габрэя, сапраўдныя імя і прозвішча Лейб-Хаім Розенберг). Увесну 1911 года пецярбургскі адвакат і дзеяч габрэйскага руху Мардэхай Вінавер даў яму грошы на вучобу ў Парыжы. Дарэчы, і яго жыццё ў сталіцы імперыі таксама аплачваў Вінавер. Шагал пісаў: “Бацька мяне нарадзіў, а Вінавер зрабіў мастаком. Без яго я, пэўна, быў бы фатографам у Віцебску”.

З траўня 1911 да красавіка 1914 года Шагал жыў у Парыжы: наведваў вольныя акадэміі мастацтваў, выставы і галерэі. З аднаго боку, вывучаў модныя кірункі мастацкага авангарда — кубізм, футурызм, мавізм і арфізм. З другога боку — выпрацоўваў уласны стыль. У чэрвені 1914 года ў Берліне адбылася яго першая выстава, дзе Моўша прадставіў амаль усе напісаныя ў Парыжы карціны. Выстава атрымала спрыяльныя водгукі нямецкіх крытыкаў.

З Берліна Моўша паспеў да пачатку вайны вярнуцца ў Віцебск, дзе 25 ліпеня 1915-га ўзяў шлюб з 25-гадовай Бертай Розенфельд, дачкой багатага ювеліра. У 1915–1917 гадах яны жылі ў Петраградзе, змяніўшы імёны і прозвішчы. Моўша Сегал ператварыўся ў Марка Шагала, Берта — у Бэлу. Пасля рэвалюцыі ўвосень 1917 года наркам асветы Луначарскі прызначыў Шагала камісарам па мастацтве ў Віцебску і Віцебскай губерні. 28 студзеня 1919-га ён адкрыў там Народную мастацкую вучэльню (пазней — Мастацкі тэхнікум), дзе выкладалі такія вядомыя майстры, як Мсціслаў Дабужынскі, Іван Пуні і яго жонка Ксенія Багуслаўская, Вера Ермалаева, Эль Лісіцкі, Казімір Малевіч, Валянцін Волкаў ды іншыя. Яны прыехалі з Петраграда, каб уратавацца ад голаду. (Той тэхнікум у 1934 годзе скончыў мой бацька.)

Але праца Шагала ў вучэльні суправаджалася канфліктамі з калегамі. Таму ўжо ў 1920 годзе ён паехаў у Маскву, дзе працаваў у Габрэйскім камерным тэатры мастаком-афармляльнікам. У 1922 годзе ён з жонкай і шасцігадовай дачкой паехаў у Берлін, адтуль увосень 1923-га — у Парыж.

У траўні 1941 года Шагал з сям'ёй выехаў з Паўднёвай Францыі ў ЗША, куды яго запрасілі афармляльнікам у адзін з музеяў габрэйскага мастацтва. Там у верасні 1944 года раптам памерла яго жонка. У Еўропу ён вярнуўся ў 1947 годзе. У 1948-м у яго з'явілася новая жонка, якая праз тры гады ўцякла ад яго з каханкам. А ў 1952-м ён узяў шлюб з габрэйкай Валянцінай Бродскай, гаспадыняй крамы жаночых капялюшыкаў.

Пасля вайны на першы план у яго творчасці моцна выступіла біблейская тэматыка з ярка выяўленай габрэйскай спецыфікай Старога Запавету. Ніякага хрысціянства! Гэта мноства афортаў да Бібліі на французскай мове, карціны, гравюры, вітражы. 

У 1977 годзе атрымаў найвышэйшую ўзнагароду — ордэн Ганаровага легіёна. У гонар яго 90-годдзя ў Луўры адбылася найбуйнейшая прыжыццёвая выстава яго прац. 

Творчая спадчына Шагала велізарная. Досыць сказаць, што толькі выкрадзеных яго работ налічваецца больш за 500! Гэта жывапісныя палотны, кніжныя ілюстрацыі, графіка, мазаікі, вітражы, скульптура, кераміка і нават інтэр'еры.

Творчасць Марка Шагала, як і кожнага выдатнага творцы, мае мноства прыхільнікаў і не менш тых, хто да яго абыякавы. Асабіста я да яго творчасці стаўлюся абыякава. Але, як кажа прымаўка, каму як балота, а каму як залота!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.