"Дата генератар": 24 кастрычніка 1795 года — трэці падзел Рэчы Паспалітай

"Дата генератар": 24 кастрычніка 1795 года — трэці падзел Рэчы Паспалітай

Гэта апошні з падзелаў Рэчы Паспалітай, пасля якога канфедэратыўная дзяржава спыніла сваё існаванне.

Трэці падзел стаў вынікам перш за ўсё палітыкі трох суседніх дзяржаў (Расіі, Прусіі, Аўстрыі), накіраванай на знішчэнне Рэчы Паспалітай. Аднак непасрэднай прычынай з’явілася параза паўстання Касцюшкі (лістапад 1794-га).

Адзначу ў гэтай сувязі, што Кацярыну II і яе ўрад моцна напужаў Паланецкі ўніверсал Касцюшкі, якім ён абяцаў сялянам скасаваць прыгоннае права і даць ім зямлю ва ўласнасць. Таму не дзіўна, што ў час паўстання Касцюшкі, 11 ліпеня 1794 года, амбасадар Прусіі ў Расіі Леапольд Генрых фон Гольц пісаў у Кёнігсберг, што “Расія імкнецца падзяліць Польшчу і сцерці яе назву з карты”.

І вось менш чым праз год пасля задушэння паўстання, 24 кастрычніка 1795-га, расійская царыца Кацярына II, імператар Свяшчэннай Рымскай Імперыі Франц II і кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм II узгаднілі ўзаемны трактат, паводле якога правялі трэці падзел Рэчы Паспалітай і вызначылі свае новыя межы.

А 25 лістапада расіяне вымусілі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага скласці свае паўнамоцтвы. 

У выніку трэцяга падзелу Расія атрымала землі на ўсход ад Буга і ад лініі Брэст — Няміраў, плошчай 120 тысяч квадратных кіламетраў, дзе жылі 1,2 мільёна чалавек.

Тэрыторыю, захопленую падчас трэцяга падзелу, царскія службоўцы падзялілі на 3 губерні — Курляндскую, Віленскую, Гродзенскую. Тут яны часова захавалі ранейшую прававую сістэму (Статут ВКЛ 1588 года), выбарнасць суддзяў і маршалкаў на сейміках, затое ўвялі рабства сялян. Расійская Імперыя на працягу 23 гадоў захапіла ўсе землі ВКЛ (акрамя часткі з горадам Беластокам, якая адышла да Прусіі).

Землі ж Каралеўства Польскага падзялілі паміж сабой Прусія і Аўстрыя.

У Пецярбургу з нагоды гэтага нахабнага і подлага захопу адчаканілі медаль з хлуслівым надпісам “Адарваная нянавісцю, вернутая любоўю”. Царыца Кацярына мела на ўвазе Літву (сучасную Беларусь), Жамойць (сучасную Летуву), Інфлянты і Курляндыю (часткі сучаснай Латвіі).

Немка-царыца, як і цяперашнія расіяне, была ўпэўненая, што землі ВКЛ — гэта Заходняя Русь, якую літоўскія і польскія паны адарвалі ад Усходняй Русі ў часы татара-мангольскай няволі.

Але цяпер мы добра ведаем, што не было ніякай няволі. Менавіта татары стварылі дзяржаву пад назвай Масковія — будучую Расію. Яна была адным з заходніх улусаў (аўтаномій) вялікай Залатой Арды.

А Руссю былі землі Вялікага Ноўгарада, Полацкага і Кіеўскага княстваў, дзяржаў, створаных заходнімі славянамі — варагамі, якія прыйшлі сюды з тэрыторыі Палаб’я ды Памор'я. Тут варагі пабудавалі сетку ўмацаваных паселішчаў (градаў), якія яны звалі Руссю. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі