"Дата генератар": 23 студзеня 1793 — другі падзел Рэчы Паспалітай

"Дата генератар": 23 студзеня 1793 — другі падзел Рэчы Паспалітай

У 1788–1792 гг. у Варшаве адбываўся чатырохгадовы сойм, на якім былі распрацаваныя рэформы амаль усіх сфер жыцця Рэчы Паспалітай. Кульмінацыяй тых рэформаў стала падпісанне 3 траўня 1791 года “Урадавага закона” — першай канстытуцыі у Еўропе. Яна, сярод іншага, уводзіла спадчыннасць трона, абмяжоўвала выбарныя правы беднай шляхты, пашырала правы жыхароў гарадоў.

Рэформы рабілі каралеўскую ўладу ў Рэчы Паспалітай моцнай, што вельмі не падабаліся магнатам. Царыца Кацярына II, якая ў 1787–1791 гг. ваявала з Турцыяй, таксама была моцна незадаволена рэформамі. У кастрычніку 1791-га магнаты Браніцкі, Жавускі і Патоцкі прыхалі ў Ясы (Малдова), дзе ішлі перамовы прадстаўнікоў Турцыі і Расіі. Мірную дамову падпісалі 29 снежня 1791 года, што развязала рукі царыцы Кацярыне. Гэтых трох запрасілі ў Пецярбург. Там у сакавіку 1792-га на тайнай сустрэчы з Кацярынай вырашылі стварыць канфедэрацыю супраць караля. А Расія абяцала дапамагчы войскам.

27 красавіка 1792 года ў Пецярбургу быў складзены “Акт канфэдэрацыі”, вядомай пад назвай Таргавіцкая, бо абвясцілі яе ў мястэчку Таргавіцы ва Украіне. Маршалкам стаў Станіслаў Шчэнсны Патоцкі, гетманам Францыск Браніцкі. “Акт…” падпісалі яшчэ 12 чалавек. Ён ставіў за мэту вяртанне шляхецкіх вольнасцяў і аднаўленне федэратыўнай сістэмы Рэчы Паспалітай. А ўжо праз два тыдні (12 траўня 1792-га) расійскія войскі перайшлі Днестр і з поўдня ўвайшлі на тэрыторыю Кароны.

22 траўня 1792 года расійскі корпус генерала М. Крачэтнікава ўвайшоў на землі ВКЛ з поўначы. Тут сваю канфедэрацыю стварылі ў чэрвені магнат з Віленшчыны генерал-маёр расійскай арміі Шыман Касакоўскі і канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега.  

23 ліпеня 1792 года пад ціскам сваіх прыбліжаных, кароль Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. На тым скончылася няўдалая вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй. 6 верасня 1792-га ў Брэсце быў падпісаны акт аб’яднання канфедэрацый шляхты ВКЛ і Кароны ў адзіную — Абодвух народаў.

Скарыстаўшыся фактычным пераходам улады ў дзяржаве да ўдзельнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі, кароль прускі Фрыдрых Вільгельм II 25 кастрычніка 1792 года запатрабаваў ад Кацярыны II, каб землі так званай Вялікай Польшчы (тэрыторыя з цэнтрам у Познані) увайшлі ў склад Прускага каралеўства. Ён пагражаў, што калі яна адмовіцца гэта зрабіць, дык ён выйдзе з антыфранцузскай кааліцыі.

Кацярына вырашыла, што лепш пайсці яму насустрач. І праз тры месяцы, 23 студзеня 1793 года, яна і Фрыдрых Вільгельм падпісалі трактат пра новы падзел Рэчы Паспалітай — другі пасля падзелу 1772-га. Паводле яго ўмоў да Прусіі адышлі гарады Данцыг і Торунь, Вялікая Польшча, Куявія, частка Мазовіі. Расія забрала землі ВКЛ ажно да лініі Дзвінск (сучасны Даўгаўпілс) — Пінск — Збруч, усходнюю частку Палесся, Валынь, Падолле.

У другім падзеле, у адрозненне ад першага і трэцяга, не брала ўдзелу Аўстрыйская імперыя, якая была занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

На пачатку лютага 1793 года на тэрыторыю Кароны ўвайшлі прускія войскі — згодна з таемнай дамовай Расіі і Прусіі ад 23 студзеня. У той жа час у Гародню прыехаў новы расійскі амбасадар Якуб Сіверс. 29 сакавіка ён прачытаў таргавічанам сумесную дэкларацыю Расіі і Прусіі, у якой гаварылася:

“Столь опасный очаг [мелася на увазе Канстытуцыя 1791 года] естественно возбудил внимание соседних держав; они сообща обсудили средства задушить зло в самом зародыше и предохранить от заразы собственные границы. Её величество императрица Всероссийская и его величество король Прусский, по соглашению с его величеством императором Римским [меўся на ўвазе аўстрыйскі], признали самою действительною мерой: заключить Польскую республику в более тесные границы, чтоб облегчить ей возможность иметь мудрое и хорошо устроенное правительство, которое было бы в состоянии обуздать беспорядки и партии, столь часто нарушавшие спокойствие республики и её соседей”.

Кіраўнікі канфедэрацыі, зразумеўшы, што іх падманулі, з’ехалі з Гародні хто за мяжу, хто ў свае ўладанні. Засталіся толькі браты Касакоўскія. Яны склікалі Гарадзенскі сойм 1793 года, які 18 верасня распусціў Таргавіцкую канфедэрацыю, а ноччу з 23 на 24 верасня 1793 года зацвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай. У гісторыю сойм увайшоў як “нямы”. Паслы нічога не гаварылі, бо ўсюды стаялі расійскія салдаты, а тых, хто рабіў аб’явы, падкупіў расійскі амбасадар Сіверс.

Такім чынам, магнаты і заможная шляхта стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю каб вярнуць свае ранейшыя правы. А на самай справе яна патрабавалася Кацярыне ІІ выключна дзеля таго, каб увесці войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і захапіць яе землі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі