Вы тут

"Дата генератар": 12 сакавіка 1957 года — у Віцебску ўзарвалі Мікалаеўскі сабор

.

Да рэвалюцыі Віцебск быў адным з найбольш прыгожых гарадоў Беларусі. Яго ўпрыгожвалі дзясяткі храмаў — праваслаўныя цэрквы, каталіцкія касцёлы, пратэстанцкія кірхі, іўдзейскія сінагогі. Акрамя таго, у горадзе было шмат іншых камяніц арыгінальнай архітэктуры. Напрыклад, Царкоўна-археалагічны музей, Настаўніцкі і Археалагічны інстытуты, гімназіі, гатэлі, жылыя будынкі, а таксама помнікі (напрыклад, у памяць пра вайну з Напалеонам).

Але пасля рэвалюцыі 1917 года горад перажыў тры хвалі варварскіх разбурэнняў. Першая хваля пракацілася ў 1930 гады. Гэтым па загадзе начальства займаўся камандзір сапёрнага батальёна Пётра Грыгарэнка (1907–1987). Цікава тое, што ў 1963 годзе, ужо ў званні генерала, ён стаў дысідэнтам і вернікам, прайшоў праз арышты і псіхіятрычныя лячэбніцы, у 1977-м з'ехаў у ЗША, дзе выдаў кнігу "У падполлі можна сустрэць толькі пацукоў" (1981). 

Другая хваля — ліпень 1941 года і чэрвень 1944-га. Перад адыходам з Віцебска (11 ліпеня) войскі Чырвонай Арміі падарвалі ў горадзе некалькі дзясяткаў камяніц ды іншых збудаванняў. А ў 44-м горад бязлітасна абстрэльвала савецкая артылерыя і бамбавала авіяцыя. Потым савецкія ўлады абвінавацілі ў разбурэннях "нямецкіх захопнікаў” — быццам бы гэта яны падарвалі ўсе разбураныя будынкі. Трэцяя хваля кацілася шэсць гадоў запар (1957–1962) і была звязана з ініцыятывамі "маскоўскіх таварышаў".

У выніку горад страціў амаль усе найлепшыя ўзоры сваёй гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, цэрквы — Васкрасенскую, Дабравешчанскую XII ст. (падарвана ў снежні 1961-га), Святога Юрыя, Прарока Ільі, Іаана Багаслова, Іаана Хрысціцеля, Мікалаеўскі сабор, Петрапаўлаўскую, Пакроўскую, Нараджэння Хрыстовага, Святога Духа, Свята-Георгіеўскую, Свята-Праабражэнскую, дзве Траецкія (Чорную і ў Маркавам манастыры), Успенскі сабор, касцёлы Святога Антонія, Святога Міхаіла і Фарны. Дзве сінагогі.

Адной з самых буйных страт стаў Мікалаеўскі сабор (былы касцёл Святога Іосіфа), які стаяў на плошчы Волі (былой Саборнай). Гэты касцёл, пабудаваны ў 1649 годзе пры езуіцкім калегіуме, у 1708-м спалілі войскі цара Пятра I разам з горадам. Але да 1731 года на ранейшым месцы за 15 гадоў быў пабудаваны каменны касцёл. Грошы на гэта ахвяраваў кашталян віцебскі князь Марціян Міхал Агінскі. У касцёле знаходзіўся магільны склеп князёў Агінскіх. 

У 1820 годзе ордэн езуітаў выгналі з Расіі, калегіум і касцёл закрылі, іх будынкі перадалі манахам-базыльянам (уніятам). Але ў 1839-м таксама адабралі і аддалі праваслаўным. У кастрычніку 1843 года храм быў асвячоны ў імя святога Мікалая Цудатворца. Праз год ён стаў кафедральным саборам Полацкай епархіі.

У савецкія часы сабор закрылі, царкоўную маёмасць канфіскавалі ў 1922 і 1930 гадах. У 1944-м снарады разбурылі ў саборы абедзве званіцы. Пасля вайны тут зрабілі склад. А ў 1949 годзе будынак сабора не ўключылі ў спіс помнікаў архітэктуры. 3 сакавіка 1957-га Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне пра "разбіранне  былога сабора". І 12 сакавіка сабор падарвалі. На наступны дзень старшыня Віцебскага гарвыканкама Сабельнікаў выдаў загад пра ўзнагароджанне прэміямі падрыўнікоў, якія знішчылі гістарычны будынак, які прастаяў 220 гадоў. І ўсё рабілася па ўказцы з Расіі: перахрысціць, перабудаваць, падарваць. Зразумела чаму: наша гісторыя, наша культура, наша мова здаўна і да сёння выклікаюць там нянавісць. 

Пасля 1991 года нашы службоўцы шмат разоў гаварылі пра аднаўленне сабора. У 2008-м рэшткі яго нават уключылі ў "Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі". Але дагэтуль нічога не зрабілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.