"Дата генератар": 11 лістапада 1918 года — аднаўленне незалежнасці Польшчы

"Дата генератар": 11 лістапада 1918 года — аднаўленне незалежнасці Польшчы

Як вядома, у перыяд з канца 1917 і да канца 1918 гадоў на тэрыторыі Усходняй Еўропы з’явілася больш за дзясятак новых незалежных дзяржаў: Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Летува, Польшча, Беларусь, Украіна, Чэхаславакія, Венгрыя, Албанія, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў…  Аднак дзве з іх — БНР і УНР — загінулі. Астатнія працягнулі сваё існаванне.

Паразмаўляем пра Польшчу, каб параўнаць яе шлях з Беларуссю. Што дазволіла палякам утрымаць незалежнасць?  

У 1915–1916 гг. Германія і Аўстрыя занялі значныя тэрыторыі Расійскай Імперыі, дзе жылі палякі, беларусы, прыбалты, украінцы. Кіраўніцтва Германіі вырашыла стварыць тут некалькі пратэктаратаў — фармальна незалежных дзяржаў, якія ў палітычных, эканамічных і вайсковых адносінах былі б шчыльна звязаныя з Германіяй. Сярод іх была і УНР, а БНР — не. 

І вось 5 лістапада 1916 года імператары Вільгельм II і Франц Іосіф I падпісалі акт, які прадугледжваў стварэнне Польскага каралеўства са сталіцай у Варшаве. У наступныя месяцы былі створаны польскі ўрад у выглядзе Часовай камісіі і мясцовыя ўлады.

Тым часам з 1915 года існавалі Польскія легіёны ў складзе аўстрыйскай арміі (з польскіх добраахвотнікаў), якімі кіраваў Юзаф Пілсудскі. Ён таксама ўвайшоў у склад Часовай камісіі.

У сакавіку 1917 года новы ўрад Расіі са свайго боку таксама абвясціў, што пасля перамогі Антанты будзе створана незалежная Польшча.

У красавіку 1917-га ЗША пачалі вайну на баку Антанты. У пасланні да Кангрэса ЗША ў студзені 1918 года прэзідэнт Вудра Уільсан абвясціў адной з мэт вайны стварэнне незалежнай Польшчы з выхадам да Балтыкі. Трэба падкрэсліць, што ён зрабіў гэта пад уплывам свайго сябра, вядомага польскага музыканта Ігнацыя Падарэўскага.

Пасля амерыканцаў права палякаў на ўласную дзяржаву прызналі і еўрапейскія хаўруснікі. У Францыі была створаная з добраахвотнікаў польская армія на чале з былым афіцэрам Легіёнаў генералам Юзафам Галерам. А ў Парыжы ўзнік Польскі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Дмоўскім. Той камітэт кіраўніцтва Антанты прызнала афіцыйным прадстаўніком будучай польскай дзяржавы. Ён нават атрымаў права выдаваць польскія пашпарты і браць крэдыты ад імя Польшчы.

Такім чынам, палітычная будучыня Польшчы пасля заканчэння вайны вызначылася. Але засталося пытанне: хто з палітычных лідараў атрымае ўладу ў новай Польшчы — Пілсудскі ці Дмоўскі?

Перамог Пілсудскі — былы аўстрыйскі саюзнік, якога з ліпеня 1917 года немцы трымалі пад арыштам у Магдэбургу. Ён прыехаў у Варшаву 10 лістапада 1918-га. Народ сустрэў яго як збаўцу, як месію. Ужо раніцай наступнага дня Пілсудскі абвясціў незалежную Польскую Рэспубліку, а сябе — яе камендантам (як некалі Тадэвуш Касцюшка).

А БНР і УНР, у адрозненне ад Польшчы ды краін Прыбалтыкі, Антанта не прызнала. Таму палітычнай будучыні ў іх не было.

Праўда, Пілсудскі высунуў план стварэння федэрацыі ў складзе Паўночнай (Жамойць), Сярэдняй (Віленшчына) і Паўднёвай (Наваградчына) Літвы, а таксама Русі (Заходняй Украіны) — на чале з Польшчай.

Аднак з гэтага нічога не атрымалася, бо польскія нацыяналісты (як і расійскія ў адносінах да сваёй дзяржавы) марылі пра адзіную непадзельную Польшчу “ад мора і да мора”. Менавіта таму палякі катэгарычна не жадалі даць аўтаномію карэннаму насельніцтву Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Беларусам і ўкраінцам засталося адно: 20 гадоў трымаць дулю ў кішэні!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі