Даследаванне: у паловы беларусаў няма "падушкі бяспекі"

Фота носіць ілюстрацыйны характар / Finanzpolster
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Finanzpolster

У паловы беларусаў няма грошай на "чорны дзень". Да такой высновы прыйшла кампанія SATIO, правёўшы даследаванне аб запасе зберажэнняў у выпадку страты крыніцы даходу.

Падчас апытання высветлілася, што амаль у паловы беларусаў пры страце працы зберажэнняў хопіць на тэрмін не больш за месяц. Сродкаў для таго, каб пражыць на іх больш за паўгода, дастаткова толькі ў кожнага дзесятага.

ТГ-канал "Нашы грошы" тлумачыць вынікі даследавання асаблівасцямі беларускага рынку працы: значная колькасць людзей мае вельмі нізкія заробкі.

"Не маючы назапашванняў, яны баяцца страціць нават мінімальную крыніцу даходу. Адначасова гэта дэманструе ключавую праблему эканомікі — яе нізкую эфектыўнасць, з-за чаго яна не можа забяспечыць дастатковы заробак людзям", — пішуць эксперты. І раскладваюць па паліцах папулярную думку аб тым, што дастатковымі лічацца зберажэнні ў памеры шасці заработных плат. Вось што гэта значыць для беларускай сітуацыі.

"Сярэдні заробак у чэрвені склаў 1626,5 рублёў. Калі з гэтай сумы адняць падаходны падатак і сацстрах, атрымаецца каля 1,4 тыс рублёў. Такім чынам, агульны аб'ём "падушкі бяспекі" павінен скласці 8,4 тыс рублёў. Іншым арыенцірам можа служыць трохмесячны даход усёй сям'і, але ў любым выпадку ўсё індывідуальна: занадта розныя спажывецкія звычкі, склады сем'яў і даходы.

Праблема адсутнасці ці нізкага ўзроўню зберажэнняў не з'яўляецца выключна беларускай. Так, у Расіі па апытаннях дзве траціны сем'яў — 65% — не маюць ніякіх зберажэнняў, у Польшчы аб адсутнасці зберажэнняў заявіла чвэрць апытаных. У сярэднім па ЕС працэнт насельніцтва без зберажэнняў ацэньваецца ў 29 працэнтаў. Але калі ў большасці еўрапейскіх краін страту працы можна моцна змякчыць дапамогай па беспрацоўі, то ў Беларусі гэты варыянт наўрад ці з'яўляецца падтрымкай — сярэдні памер такой дапамогі ў Мінскай вобласці ў ліпені 2022 года склаў усяго 29,8 рубля".

Исследование: у половины белорусов нет "подушки безопасности"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі