Дарожнікі патлумачылі драўляныя падпоркі пад мостам у Валожынскім раёне

Дарожнікі патлумачылі драўляныя падпоркі пад мостам у Валожынскім раёне

Драўляныя падпоркі пад мостам у Валожынскім раёне засталіся пасля рамонту. Пра гэта ў каментары mlyn.by паведаміў начальнік Валожынскага ўчастка спецыялізаванага ўпраўлення №1 РУП "Мінскаўтадар-цэнтр" Вячаслаў Сухалет.

Фатаздымак з мостам каля вёсцы Баравікоўшчына Валожынскага раёна з'явіўся днямі ў сацсетках і набыў вялікую папулярнасць. 

"Ды ў парадку ў нас мост. За ўтрыманне яго мы, вядома ж, не адказваем, для гэтага ёсць спецыяльныя службы, але сувязь з Баравікоўшчынай трымаем. Ніхто ні на што не скардзіўся", — кажуць у Івянецкім сельсавеце, да якога належыць населены пункт.

А Вячаслаў Сухалет патлумачыў, што мінулай восенню на мосце праз Іслач быў рамонт, пасля якога засталіся драўляныя падпоркі.

"І вы што, сапраўды паверылі, што такі вялікі мост трымаюць гэтыя дзве драўляныя канструкцыі? Спіну "пераправе" праз раку падстаўляюць велізарныя бетонныя канструкцыі, што побач на фота. У параўнанні з іх магутнасцю нашыя "ўмацаванні", якія засталіся пасля рамонту дарожнага пакрыцця моста, здаюцца проста смешнымі", — кажа ён.

Па словах спецыяліста, падпоркі пасля рамонту вырашылі не прыбіраць: яны нікому не перашкаджаюць, але могуць спатрэбіцца пры далейшым абслугоўванні аб'екта. "Але, як бачыце, узніклі пытанні. Калі так, паедзем, разбяром, каб не было падстаў для непатрэбных размоў. Запэўніваю: мост без іх не ўпадзе", — заяўляе Сухалет.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі