Дарадца Дзярждэпу ЗША — Макею: трэба вызваліць палітвязняў

Уладзімір Макей / З архіву Еўрарадыё
Уладзімір Макей / З архіву Еўрарадыё

Усе палітвязні павінны быць неадкладна вызваленыя, заявіў падчас размовы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем дарадца Дзярждэпартамента ЗША Дэрэк Шоле. Аб размове паведамляе прэс-служба Дзярждэпу ЗША.

Тэмай гутаркі былі сітуацыя ў Беларусі і бягучы стан двухбаковых адносін.

"Дарадца Шоле выразна ўказаў на неабходнасць неадкладнага вызвалення ўсіх без выключэння палітычных зняволеных у Беларусі, асабліва адзначыўшы тэрміновасць справы кансультанта "Радыё Свабода" Ігара Лосіка", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Шоле і Макей таксама абмеркавалі абмен пасламі паміж ЗША і Беларуссю. Бакі сышліся ў меркаванні, што "адкрытыя лініі сувязі пойдуць на карысць абодвум краінам".

У Дзярждэпе таксама падкрэслілі, што гэты званок у Мінск павінен быў прадэманстраваць "рашучую падтрымку Злучанымі Штатамі" ідэі дыялогу з лідарамі пратэстнага руху. Мэтай гэтага дыялогу, адзначаецца ў паведамленні Дзярждэпу, павінна стаць правядзенне "свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем у гэтым годзе".

Пазней на сайце МЗС Беларусі таксама з'явілася паведамленне аб праведзенай размове. Прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства паведаміла, што "Макей заклікаў амерыканскі бок аб'ектыўна падыходзіць да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, акцэнтаваў увагу на контрпрадуктыўнасці спробаў аказання ціску на суверэнную дзяржаву".

ЗША не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. Але пры гэтым не адмовіліся ад ідэі накіраваць амбасадара ў Мінск. Джулі Фішэр была прызначаная паслом яшчэ да выбараў. У пачатку года Фішэр здзейсніла паездку ў Еўропу, наведала Вільню, Варшаву і Стакгольм, дзе абмяркоўвала, у тым ліку, і беларускае пытанне.

 Советник Госдепа США — Макею: политзаключённых нужно освободить
Джулі Фішэр падчас паездкі ў Еўропу сустрэлася са Святланай Ціханоўскай / twitter.com/USEmbBy

На мінулым тыдні прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Джордж Кент у інтэрв'ю "Радыё Свабода" казаў, што ЗША вядуць перамовы з беларускімі ўладамі аб прыездзе Фішэр у Мінск. Пры гэтым, паводле яго слоў, Фішэр можа прыбыць у Беларусь да таго, як беларускія ўлады вызначыцца з новай кандыдатурай свайго амбасадара ў ЗША. Дыпламат, які павінен быў ўзначаліць беларускую дыпмісію ў Вашынгтоне Алег Краўчанка раптоўна памёр у канцы мінулага года.

Дадамо, што па стане на 23 сакавіка палітычнымі зняволенымі ў Беларусі былі прызнаныя 288 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі