Незвычайны аўтамабіль заўважылі ўвечары 8 сакавіка ў Гомелі. На даху легкавіка ўсталяваны макет ракеты з надпісам "На Вашынгтон", а само аўто ўпрыгожанае партрэтамі Лукашэнкі.
Уладальнікам машыны выявіўся актывіст пракрамлёўскага руху НОД Равіль Гарыфулін, піша "Флагшток".
Журналіст патэлефанаваў ва ўпраўленне ДАІ Гомельскай вобласці па нумары дзяжурнага, каб запытацца, ці не парушае гэтая "машына-ракета" беларускае заканадаўства.
Інспектар адказаў, што ДАІ правяла праверку і парушэнняў на знайшла: "Там габарыты ў яго, усё гэта ёсць, страхоўка нармальная. Не выходзяць [габарыты грузу за дазволеныя значэнні], мы ўжо правяралі гэты аўтамабіль. Па правілах Дзяржаўтаінспекцыі — не парушае".
Пры гэтым, як адзначаюць у "Флагштоку", інспектар праігнараваў пытанне пра законнасць устаноўкі няштатных фар і "мігалкі".
Пад канец размовы інспектар дадаў: "У чалавека нейкая рэклама, мы з боку ДАІ нейкай агрэсіі не бачым".