Вы тут

Дачка Шутава: "Абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека"

Дачка Генадзя Шутава супакойвае сястру Аляксандра Кардзюкова, за імі назіраюць нібы пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын / "Белсат"

Анастасія Баранчук, дачка забітага Генадзя Шутава, плануе абскарджваць прысуд, вынесены пасмяротна яе бацьку.

"У судзе абвінавачанне не даказана, абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала пачуць такі прысуд і не чакала, што дзесяць гадоў дадуць Кардзюкову, бо па факце нічога няма. У любым выпадку мы будзем абскарджваць, і чакаць далей", — перадае "Белсат" словы дзяўчыны.

Як расказвала Еўрарадыё, 25 лютага суд у Брэсце прызнаў вінаватымі ў супраціве з ужываннем гвалту Генадзя Шутава (пасмяротна) і Аляксандра Кардзюкова. У дадатак Кардзюкова прызналі вінаватым у замаху на забойства службовай асобы. Яму прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пацярпелымі па справе праходзілі два вайскоўцы Сілаў спецыяльных аперацый Гаўрылаў і Галіцын.

Дачка Шутава са сваякамі вяла сваё расследаванне гібелі бацькі. На думку Анастасіі, у судзе не былі ўлічаныя многія моманты і не дапытаныя многія сведкі. 

"Было пяць чалавек, якія ў момант забойства стаяла каля парапета — выклікалі толькі аднаго. Былі людзі, якія праходзілі міма, іх таксама не паклікалі — яны [абвінавачванне] паклікалі тых, хто быў патрэбны ім", — пералічвае дзяўчына. 

Яна чакала апраўдальнага прысуду, бо не бачыла ў справе ні доказаў нападу, ні замаху на жыццё. "Гаўрылаў і Галіцын моцна блыталіся ў словах. Напрыклад, Галіцын казаў, што кроў бацькі на яго джынсах апынулася, таму што ён грузіў яго ў хуткую. Але ёсць відэа, на якім бачна, што ён наогул не дапамагаў. І такіх момантаў шмат", — кажа Анастасія Баранчук.

Сястра Аляксандра Кардзюкова Марына кажа, што прысуд быў прадказальны, хаця надзея на лепшае ўсё ж захоўвалася да апошняга моманту.

"Увесь суд быў, на мой погляд, ненармальны, бо ўсё павінна быць наадварот. Я дажыву да таго дня, калі будзе сумленны суд і будзе ўсё, як мае быць. Такога абсурду, як адбываецца цяпер, я не бачыла і не чула ніколі пра такое", — заявіла Марына. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.