Да палітвязня Уладзіміра Гундара часткова вярнуўся слых. У турму № 1 у Гродне яму выклікалі ларынголага з паліклінікі. Пасля агляду і дапамогі лекара ён ідзе на папраўку, паведамляюць праваабаронцы.
З 29 красавіка да 6 траўня Гундар быў у карцары. Там ён стаў дрэнна чуць у апошні дзень тэрміну. Пасля выхаду ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух. Выкліканы лекар даў лекі і пааабяцаў выклікаць лора.
Уладзімір Гундар — грамадскі дзеяч з Баранавічаў, мае інваліднасць 2-й групы (няма адной нагі). Яго затрымалі ў канцы 2020-га па "справе Аўтуховіча". Падчас затрымання Гундар разбіў свой тэлефон. Яго дзеянні кваліфікавалі як "гвалт над службовай асобай" і ў траўні 2021-га асудзілі на тры гады калоніі. Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязнем. У той час ён працягваў знаходзіцца пад следствам. У кастрычніку 2022-га Уладзіміра Гундара асудзілі па "справе Аўтуховіча" да 18 гадоў пазбаўлення волі.
У красавіку 2023-га быў трэці суд. За абразу пракуроркі палітвязня асудзілі да 2,5 года зняволення. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Уладзімір Гундар узнагароджаны медалём Ордэну Пагоні.