Вы тут

Да беларускага генерала звярнуўся яго брат з Украіны

Генерал-маёр Алег Воінаў / БЕЛТА

Да беларускага генерала Алега Воінава звярнуўся яго брат з Украіны — Глеб Воінаў з Дняпра.

"Цяпер у нас у краіне ідзе вайна, — кажа ён. — І я б хацеў, каб ты па меры сваіх магчымасцяў... каб ты спыніў гэтую вайну, каб не было кровапраліцця далей... Каб ты прыклаў як мага больш сваіх высілкаў, як афіцэр і як чалавек. Таму што гэта поўнае вар'яцтва. І ўкраінскі народ будзе сваю зямлю абараняць. Нам няма куды адступаць. І будзе яшчэ большае кровапраліцце, як з рускімі, так і з беларусамі, якія на нашу зямлю прыйдуць".

Генерал-маёр Алег Воінаў — ураджэнец Украіны, начальнік Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, памочнік міністра абароны РБ па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. Ва Украіне чакаюць, што беларускае войска можа далучыцца да расійскай агрэсіі.

Ва Украіне жыве маці беларускага генерала. "Як ты будзеш глядзець у вочы нам? — пытаюцца ў яго сваякі. — ...У пекле будзеце гарэць..., калі вы гэта не спыніце!".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.