“ЦікТок” і 715: хто гэтыя “ПАРТЫЗАНЫ Магілёва”, якіх затрымалі сілавікі

Ці сапраўды гэтыя "магілёўскія партызаны" такія небяспечныя?
Ці сапраўды гэтыя "магілёўскія партызаны" такія небяспечныя?

13 верасня пад Магілёвам супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю затрымалі шасцярых удзельнікаў суполкі "УКантакце" з назвай "ПАРТЫЗАНЫ Магілёў". Сярод затрыманых былі непаўналетнія. У дачыненні да чацвярых МУС распачало крымінальную справу, абвясціўшы, што спынена дзейнасць ""ляснога" атрада".

Тэлеграм-канал прэс-службы МУС паведаміў, што сярод затрыманых ёсць асобы з ультраправымі неанацысцкімі поглядамі. Здавалася б, чарговы поспех беларускіх сілавікоў, якія раскрылі калі не "лагер па падрыхтоўцы баевікоў", то ўжо дакладна нейкую "баявую групу". Але ці так усё сур'ёзна, як нам спрабуюць паднесці?

У гучным затрыманні ёсць дэталі, якія робяць новую крымінальную справу падобнай на так званую справу "Белага легіёну" з 2017 года, што "здулася" праз некалькі месяцаў за адсутнасцю якога б там ні было складу.
 

“Будзь вартым сваіх продкаў!”

У сацыяльнай сетцы "УКантакце" ў групе "ПАРТЫЗАНЫ Магілёў" было 64 чалавекі. Увечары 14 верасня суполку выдалілі, але Еўрарадыё паспела зрабіць скрыншоты. Вось, да прыкладу, апісанне дзейнасці "партызан" з радзела "Інфармацыя":

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики

Лепш умець і не мець патрэбы, чым мець патрэбу і не ўмець”. Такі дэвіз выкарыстоўвалі ўдзельнікі суполкі. Ні заклікаў да звяржэння ўлады, ні нацысцкай рыторыкі ў апісанні групы няма, а "партызанства" тлумачыцца як "самаўдасканаленне шляхам ваеннага мастацтва".

Таксама ў апісанні згадваецца лік 715. Ім пазначаецца папулярны сярод патрыятычна настроенай моладзі постсавецкіх краін рух, які бярэ прыклад з сілавікоў і праводзіць трэніроўкі з муляжамі агнястрэльнай зброі і мілітары-экіпіроўкай. Пасля трэніровак запісваюцца відэасправаздачы ў іранічна-жартаўлівай форме. На YouTube яны разлятаюцца як гарачыя піражкі. Глядзіце: на канале "715team" 669 тысяч падпісчыкаў — і ні намёку на блакіроўку. Яўна не тэрарысты.

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики

Атрад “Пагоня”

У інстаграме хлопца з "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва" (праверыць, затрыманы ён ці не, не ўдалося) знаходзім шаўрон "Пагоня" з лікам 715. Відавочна, хлопцы былі пераймальнікамі папулярнага руху, але вырашылі сумясціць прыемнае з карысным і дадалі на шаўрон гістарычны беларускі герб.

Атрадам "Пагоня" называла сябе невялікая частка тых, хто ўваходзіў у "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва". Антон — хлопец з фота ніжэй — быў пазначны ў суполцы як кантактная асоба. Побач з ім на многіх здымках у інстаграме — Уладзімір, які называе сябе намеснікам камандзіра атрада "Пагоня". У сваім акаўнце ён прама заяўляе: ўсе відэа- і фотаматэрыялы нясуць выключна забаўляльны характар.

"Папярэдне ўстаноўлена, што ўдзельнікі групы збіраліся ў закінутым памяшканні ў лесе пад Магілёвам. Там яны трэніраваліся: адпрацоўвалі практычныя навыкі тактыкі вядзення вулічных баёў, захопу памяшканняў, штурмавога альпінізму і вядзення баявых дзеянняў у лесе", — піша пра затрыманне "ПАРТЫЗАН Магілёва" телеграм-канал прэс-службы МУС. Стоп-стоп-стоп, якія забаўляльныя відэа- і фотаматэрыялы ў інстаграме?

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики
Шаўрон атрада “Пагоня”

Хто яны?

Мы знайшлі ў сацсетках дваіх удзельнікаў суполкі. Хлопцы альбо ў прынцыпе не ведаюць пра слова "канспірацыя", альбо проста не лічаць патрэбным маскіраваць сваю дзейнасць. Наадварот, яны пераймаюць сваіх натхняльнікаў, запісваюць відэа і выкладваюць справаздачы са сваіх паходаў і трэніровак. Усё гэта, згодна з усімі канонамі "715team", чаргуецца з жартачкамі і сяброўскімі падколкамі. Небяспечныя тэрарысты?

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики
Антон быў пазначаны ў групе "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва" як кантактная асоба
“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики
Уладзімір паспеў адслужыць у Печах
Відэа, якое здымалі хлопцы, можна лёгка знайсці ў "ЦікТок”

На месцы затрымання сілавікі знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, форменнае абмундзіраванне з шаўронамі "Пагоня" і ўкраінскай сімволікай, балаклавы, бронекамізэлькі, страйкбольную і пнеўматычную зброю, сігнальны пісталет, нажы і радыёстанцыі. Падобна на тое, што баявой зброі ў "ляснога атрада" не было. Ва ўсякім выпадку, з сабой.

Затое была страйкбольная. Рэканструктары і страйкбалісты займаюцца касплэем дзеянняў сілавікоў — гэта звычайная практыка на турнірах і гульнях.

Яшчэ адна дэталь. Апісваючы канфіскаванае ў хлопцаў, прэс-служба МУС згадвае бел-чырвона-белую і ўкраінскую сімволіку, але чамусьці забывае аб наяўнасці ў іх нашывак у колерах афіцыйнага беларускага сцяга.

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики
“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики

На вопратцы аднаго з удзельнікаў групы мы ўбачылі нашыўку з "калаўратам". Але вось і яшчэ адзін беларускі сцяг на разгрузцы аднаго з удзельнікаў "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва", фота якой мы знайшлі ў інстаграме:

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики
Партызаны Магілёва... з дзяржсімволікай. Як гэта так?

"Партызаны" з "неанацысцкімі поглядамі", на шаўронах у якіх — дзяржаўны сцяг Беларусі? Нешта тут не вяжацца. Ды і ў апісанні суполкі хлопцы згадвалі, што ўсе гістарычныя сімвалы выкарыстоўваюць толькі для таго, каб аддаць даніну павагі гісторыі. Пазбегнуць затрымання ім гэта не дапамагло.

Варта адзначыць, што сярод аматараў пабегаць па лясах са страйкбольнай зброяй распаўсюджана нашэнне самых розных шаўронаў — гэта залежыць ад таго, касплэй якога сілавога ведамства робяць удзельнікі "пастралушак". Вось фота з беларускага страйкбольнага клуба. Серб, беларус і амерыканец? Усе з шаўронамі і зброяй — няўжо і іх хутка затрымаюць?

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики

Гарачыя хлопцы

У міліцэйскім прэс-рэлізе сказана, што "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва" выраблялі "самаробныя запальныя ўстройствы", якія выпрабоўвалі на месцы, а відэа з выпрабаваннямі (як і відэа з трэніровак) выкладвалі ў інтэрнэце. Там не сказана, за што супраць хлопцаў пачата крымінальная справа, але ў канцы інфармацыйнага паведамлення змяшчаецца красамоўная прыпіска:

“За незаконныя дзеянні, звязаныя з выкарыстаннем гаручых рэчываў (выраб, набыццё, захоўванне, збыт і г.д.), прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення свабоды тэрмінам да пяці гадоў”.

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики
Скрыншот з відэа з месца выпрабавання "самаробнага запальнага ўстройства".

Такім чынам, па версіі міліцыі, "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва" прадстаўлялі для беларускага грамадства пагрозу, дастатковую для ўзбуджэння крымінальнай справы. Паводле версіі Еўрарадыё, патрыятычна настроеныя юнакі хацелі здавацца крутымі — і проста гулялі ў вайнушку, адначасна здымаючы відэа.

Па вялікім рахунку, такім хлопцам у Беларусі няма куды падзецца. Дзяржаўных арганізацый, здольных заняць іх любімай справай, папросту не існуе. У БРСМ відавочна не вучаць арыентавацца па карце і займацца штурмавым альпінізмам. Вось і атрымліваецца так, што даводзіцца арганізоўвацца самім, нешта прыдумляць. Часам, магчыма, пераступаць рамкі заканадаўства.

Нават тыя, хто адслужыў у войску і звольніўся ў запас, хочуць драйву, хочуць быць падобнымі да сваіх куміраў-сілавікоў. Але сілавікі, як відаць, не маюць патрэбы ў такіх прыхільніках. І замест таго каб узяць шэфства над маладымі людзьмі, яны іх затрымліваюць.
 

Заснавальнік “715team”: “ПАРТЫЗАНЫ Магілёва” могуць быць нашымі фанатамі

Раман Хорс, заснавальнік "715team", распавядае Еўрарадыё, што "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва" не маюць да яго ніякага дачынення.

“ТикТок” и 715: кто эти “ПАРТИЗАНЫ Могилёва”, которых задержали силовики

— У нас няма філіялаў, мы толькі ў Калінінградзе. І група ў нас не палітычная. Але дзякуючы вялікай папулярнасці мы не застрахаваныя ад такіх вось "пераймальнікаў", якіх з намі будуць асацыяваць, — кажа ён. — Мне складана меркаваць пра іх, маючы з інфармацыі толькі пару відэа і фота. Яны выглядаюць як страйкбалісты нейкія. Але хто ведае, якая там паднаготная. Можа, яны паміж сабой абмяркоўвалі —зноў жа, па дурасці — звяржэнне ўлады, вось іх і прыкрылі.

Але, вядома, выглядае ўсё як паказушнае затрыманне, дзе дзецям за цацачныя аўтаматы і петарды спрабуюць даць рэальны тэрмін. Гэта нічым не апраўдана. Рэальнай палітычнай сілы і ўплыву на кагосьці ў іх няма. Небяспекі яны таксама ні для кога не ўяўляюць. Сказалі ж у роліку, што адпрацоўваюць "вызваленне закладнікаў" — косяць пад спецназ, а не тэрарыстаў. Магчыма, выраслі б і пайшлі ў войска/сілавыя структуры. Чарговая смешная, абсурдная і адначасова сумная сітуацыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі