Ціханоўская возьме ўдзел у сустрэчах кіраўнікоў МЗС краін NATO і АБСЕ

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін NATO і АБСЕ, паведамляе @pozirkonline са спасылкай на дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку.

Саміт кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін NATO пройдзе ў Бухарэсце (Румынія) 29-30 лістапада. Месца сустрэчы абрана такім чынам, каб прадэманстраваць падтрымку ўсходняму флангу NATO і Чарнаморскаму рэгіёну, піша Deutsche Welle. Гэтаму рэгіёну цяпер надаецца асаблівая ўвага праз расійскую агрэсію. Вайна, якую развязала Расія, успрымаецца як беспрэцэдэнтная пагроза, асабліва ва ўсходніх краінах NATO, краінах Балтыі і Польшчы. Гэтую сітуацыю міністры замежных спраў і маюць намер абмеркаваць на сустрэчы ў Бухарэсце.

Святлана Ціханоўская ўжо прыбыла ў сталіцу Румыніі. Пачаўся яе афіцыйны трохдзённы візіт у Бухарэст. У рамках гэтага візіту яна і прыме ўдзел у саміце кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін NATO — яна запрошаная на сустрэчу, распавёў Вячорка.

1 снежня Ціханоўская выступіць на сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін АБСЕ. Тут адбудзецца дыскусія па Беларусі, якую ініцыявалі ЗША і Эстонія. На саміце кіраўнікоў МЗС АБСЕ чакалі і беларускага міністра Уладзіміра Макея, але ў суботу ён раптоўна памёр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі