Ціханоўская сабрала ў Варшаве Аб'яднаны Пераходны Кабінет

Святлана Ціханоўская і яе Аб'яднаны Пераходны Кабінет / t.me/CabinetBelarus

Святлана Ціханоўская сабрала ў Варшаве Аб'яднаны Пераходны Кабінет. Яго прадстаўнікі былі "у поўным абноўленым складзе... для правядзення шэрагу рабочых пасяджэнняў".

Як піша @CabinetBelarus, быў "дапрацаваны план "Перамога", выяўлена ступень яго гатоўнасці да актывацыі, прынята рашэнне пра пачатак падрыхтоўкі грамадскасці да рэалізацыі плана". Таксама да працы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета далучылі "некалькі дзейных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў з афіцэрскім званнем". Быў дапрацаваны і план па адкрыцці "цэнтраў падрыхтоўкі ўдзельнікаў мерапрыемстваў па аднаўленні законнасці і правапарадку ў Рэспубліцы Беларусь (харугваў)". Гэта суполкі арганізацыі "Паспалітае Рушэнне". Кіруюць гэтай працай прадстаўнікі Кабінета Аляксандр Азараў і Валерый Сахашчык. Да іх далучыцца і прадстаўніца Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык "з мэтай знаёмства ўдзельнікаў харугваў з нацыянальнай культурай і гісторыяй".

На варшаўскай сустрэчы таксама гаварылі пра план матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Былі абмеркаваныя кандыдатуры на пасаду прадстаўніка Кабінета па сацыяльных пытаннях, наладжванне афіцыйных адносінаў з Украінай і "узмацненне міжнароднай кааліцыі для падтрымкі Беларусі ў пераходны перыяд: міжнароднае прызнанне Кабінета і здабыццё фінансавай падтрымкі для Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.